Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Со ‘вокліч, якім падганяюць вала’ (ТС). Скарочанае ад ксо ‘тс’, гл. цоб.

Со́баль ‘драпежны звярок сямейства куніцавых’, ‘футра гэтага звярка’ (ТСБМ), со́баль, сабо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк.), сабо́ль ‘тс’ (Ласт., Стан.), ст.-бел. собаль ‘футра собаля; асобны падатак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 162). Укр. со́боль, польск. soból, в.-луж. soboł, чэш. sobol, славац. soboľ, балг. соболе́ц ‘суслік’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *sobolь (ЕСУМ, 5, 340), паходжанне якога застаецца няясным. Выказвалася думка (Зубаты, AfslPh, 16, 413; Праабражэнскі, 2, 348) аб роднасці са ст.-інд. çabálaḥ, çabaráḥ ‘стракаты, плямісты’. Версіі фіна-угорскага (Брукнер, 506; Голуб-Копечны, 344) або цюркскага паходжання, параўн. тур. samur ‘собаль’, Фасмер (3, 703–704) лічыць нездавальняючымі. Відаць, праз заходнеславянскія слова пранікла ў заходнееўрапейскія мовы: ст.-в.-ням. tebelus/zobel ‘собаль’ (XI ст.), ст.-франц. sable, італ. zibellino, с.-н.-ням. sabel, адкуль ст.-ісл. safali. Гл. яшчэ Махэк₂, 565; Сной₁, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 340.

Со́біць, звычайна безасабовае со́біла ‘прыйсці ў галаву, навесці на думку зрабіць што-небудзь нечаканае’ (ТСБМ, Касп., Шат., Гарэц., Янк. 3.), ‘прышлося, выпала’ (Варл.). Укр. собічити ‘прысвойваць’, рус. со́бить ‘запасіць, збіраць’, со́биться ‘збірацца, рыхтавацца’, польск. sobić ‘запасіць, збіраць; прысвойваць’, чэш. sobiti(si) ‘прысвойваць’, серб.-харв. sobičati se ‘асвойвацца, прывыкаць (да горада, людзей)’. Ад займенніка сабе (гл.), параўн. Махэк₂, 565.

Со́бскі ‘ўласны’ (Ласт.; мёрск., Жыв. НС; Касп.). Да соб‑ (гл. собіць, асобны).

Со́ваць ‘перамяшчаць, ставіць, устаўляць’, безасабова таксама пра рэзкі боль (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ‘піхаць, утыкаць, утыркаць’ (Некр. і Байк.), сува́ць ‘тс’ (Нас., Ласт.), со́вацца ‘ўсоўвацца’, ‘хадзіць з месца на месца’ (ТСБМ), ‘павольна рухацца’ (Сл. ПЗБ), со́вацца, со́ўвацца ‘соўгацца’ (ТС), сува́цца ‘хістацца, піхацца’ (Нас., Ласт.). Укр. сова́ти, рус. сова́ть, стараж.-рус. совати ‘кідаць кап’ё’, польск. suwać, в.-луж. suwać, н.-луж. suwaś, ст.-чэш. sovati, славац. zasúvať ‘засоўваць, перасоўваць’, серб. дыял. со́вам се, су́вам се ‘працягваць руку за чым-небудзь’, славен. sováti, балг. со́вам, ст.-слав. совати ‘кідаць’. Прасл. *sovati роднаснае літ. šáuti ‘соваць; саджаць (хлеб у печ)’, ‘страляць’, лат. šaũt ‘страляць; хутка соваць; штурхаць’, далей гоц. skewjan ‘ісці’, алб. heth ‘кідаю; вею зерне’, ст.-в.-ням. scioʒan, ст.-ісл. skjóta ‘страляць, рухаць, штурхаць’; параўноўваюць яшчэ з ст.-інд. suvati ‘прыводзіць у рух’, хец. šuu̯āi‑ ‘штурхаць, рухаць’. Гл. Траўтман, 300; Мюленбах-Эндзелін, 4, 9–10; Фасмер, 3, 705; Махэк₂, 592–593; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Борысь (588) форму *sovati лічыць другаснай ад *suti, *sovǫ па аналогіі з *davati ‘даваць’; і.-е. корань *(s)keu̯‑ ‘кідаць, пасоўваць, ціснуць’. Гл. таксама сунуць.

Со́вы фалькл. ‘шэры, сівы?’: “Бадай, зязюлька, бадай, совая, цэлы век кукавала” (Восеньскія і талочныя песні, 1981, 215). Няясна (памылка ў запісе — сівая?).

Со́да ‘агульная назва натрыевых солей вугальнай кіслаты’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), со́днікі ‘млінцы на содзе’ (КЭС). З рус. со́да або польск. soda ‘тс’ з новалац. soda (гл. Фасмер, 3, 706; Праабражэнскі, 2, 349; Варш. сл., 6, 259) у заходнееўрапейскіх мовах: параўн. н.-ням. Sode, франц. saude, іт., ісп. soda ‘сода’.

Со́дні ‘суткі, доба, пара’ (дзісн., Ласт.). Параўн. рус. со́денный ‘тое, што адбылося ў нашы дні, сучасны нам’. З прыст. со‑ і дзень у мн. л.

Со́духі ‘канцы, смерць’ (ТС), салдухі ‘тс’ (Ліцв.). Гл. садухі.

Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац.соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.