Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сос1 ‘шаша’ (Сл. Брэс.; драг., Сл. ПЗБ). З польск. szosa з асіміляцыяй ш — с > с — с і стратай канцавога галоснага. Сюды ж сош ‘тс’ (Скарбы; кам., Жыв. сл.) з метатэзай зычных, параўн. таксама со́ша ‘тс’ (Ян.).

Сос2 ‘нагар, смала з цыбука ў люльцы’ (ТСБМ, Варл.; брасл., астрав., лаг., швянч., воран., шальч., Сл. ПЗБ; Скарбы). Дэвербатыў ад ссаць ‘смактаць’, параўн. насос2 ‘тс’ (гл.).

Сос3 ‘соус, падліўка’ (Ласт.), ‘вадкая частка стравы’ (навагр., Жыв. сл.), ‘мачанка’ (Сцяшк.). З польск. sos ‘соус’, запазычанага з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Sosse ‘тс’, франц. sause ‘тс’. Гл. соус.

Со́снік ‘бор’ (Сл. ПЗБ; чаш., ЛА, 5), со́сняк ‘зараснікі хвоі’ (вільн., Сл. ПЗБ). Утворана ад со́сна ‘расліна Pinus silvestris’, ‘хвоя’ (Ласт., Растарг., Стан., Расл. св.; беласт., Зб. Памяці Закрэўскай, 481), ‘борць’ (Пятк. 1). Перыферыйны характар назвы з націскам на першым складзе (паўночны захад, Смаленшчына, Заходняя Браншчына, Палессе, Беласточчына) сведчыць пра яе архаічны характар у параўнанні з сасна́ (гл.), што пацвярджае і ц.-слав. соснь ‘піхта’. Агляд версій паходжання назваў дрэва гл. Янышкава, Балк. ез., 43, 2–3, 307–314. Пераважаючую версію ‘бортнае дрэва’, магчыма, пацвярджаюць запісы Раманава ў замове: золотник золотый, стань на своем мести, на золотом креcли, на батьковым сосновании (Рам., 5, 54–55), дзе апошняе слова трактуецца як ‘сяліба, двор’ (Нар. Гом.), магчыма, да аснова (гл.) — ‘дрэва для заснавання вулля’?

Со́сьлі ‘ледзяшы, што звісаюць са страхі’, со́сьлівъя (пагода) ‘калі нарастаюць ледзяшы на стрэхах’ (беш., Нар. сл.). Няясна; магчыма, да ссаць (гл.), параўн. славен. seselj ‘соска’.