Ссаць ‘уцягваць у рот, смактаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Варл., ТС). Укр. сса́ти, рус. соса́ть (пад уплывам слоў со́ска, сос — гл. Фасмер, 3, 725), стараж.-рус. съсати ‘ссаць’, съсъ ‘сасок, грудзі’, польск. ssać, каш. sësac, чэш. sáti, ст.-чэш. ssáti, славац. sať, серб.-харв. са̏ти, си̏сати, славен. sesáti, балг. си́сам, ст.-слав. съсати. Прасл. *sъsati (< *sъps‑ati) ‘ссаць, высмоктваць’, дзеяслоў з прэфіксам *s‑, каранёвая частка якога засноўваецца на паўн.-і.‑е. базе *seu̯‑p‑/*seu̯‑b‑ ад кораня *seu̯‑ ‘сок; выціскаць сок; ссаць, смактаць (сок)’; гл. Борысь, 573–574. Бязлай, 3, 229 праславянскае адносіць да і.-е. *seu̯‑p/b:*sū‑p/b; Фасмер (3, 725–726) і.-е. *su‑p/su‑b лічыць выклічнікам, а славянскі дзеяслоў гукапераймальным; параўн. ст.-інд. súpas ‘поліўка’, ст.-ісл. súpa ‘піць сёрбаючы’, ст.-в.-ням. sûfan ‘тс’. Гл. яшчэ Махэк₂, 538; Сной₁, 563; Скок, 3, 244; Глухак, 549; SEK, 4, 267; ЕСУМ, 5, 388–389.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)