Сос1 ‘шаша’ (Сл. Брэс.; драг., Сл. ПЗБ). З польск. szosa з асіміляцыяй ш — с > с — с і стратай канцавога галоснага. Сюды ж сош ‘тс’ (Скарбы; кам., Жыв. сл.) з метатэзай зычных, параўн. таксама со́ша ‘тс’ (Ян.).

Сос2 ‘нагар, смала з цыбука ў люльцы’ (ТСБМ, Варл.; брасл., астрав., лаг., швянч., воран., шальч., Сл. ПЗБ; Скарбы). Дэвербатыў ад ссаць ‘смактаць’, параўн. насос2 ‘тс’ (гл.).

Сос3 ‘соус, падліўка’ (Ласт.), ‘вадкая частка стравы’ (навагр., Жыв. сл.), ‘мачанка’ (Сцяшк.). З польск. sos ‘соус’, запазычанага з заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. Sosse ‘тс’, франц. sause ‘тс’. Гл. соус.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)