Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Со́тка ‘сотня’ (ТСБМ, Сцяшк., Шат.), ‘пляшка (100 г гарэлкі)’ (Ян.), ‘адна сотая частка якой-небудзь адзінкі, меры (гектара і пад.)’ (ТСБМ, Ян.), звычайна со́ткі мн. л. ‘выдзелены ўчастак зямлі для апрацоўкі’, ‘прысядзібны ўчастак’ (Сл. ПЗБ). Укр., рус. со́тка ‘тс’. Да соты (гл.) з суф. ‑к‑.

Со́тнік ‘начальнік сотні воінаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘паліцэйскі чын у час прыгоннага права’ (Стан.), ‘галоўны плытагон’ (ваўк., віл., Сл. ПЗБ). Укр. со́тнік, рус. со́тник, ст.-слав. сътьникъ; да сот‑ (гл. соты), з суф. ‑н‑ і ‑ік. Калькуе грэч. έκατοντάρης ‘сотнік, цэнтурыён’ ад έκατον ‘сто’; гл. Фасмер, 3, 728.

Со́тня ‘адзінка ліку, роўная ста’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Сержп. Прымхі). Укр., рус. со́тня ‘тс’. З *сътьня (гл. сто). Фасмер, 3, 728.

Со́ты1 ‘ячэйкі з воску, вуза’ (ТСБМ), саты́ ‘тс’ (в.-дзв., (Сл. ПЗБ), со́ты, со́тая, со́тые ‘тс’ (Анох.). Укр. со́ти, рус. сот, со́ты, рус.-ц.-слав. сътъ, серб.-харв. са̑т, са̑ће, славен. sȃt, балг. сът, макед. сот. Прасл. *sъtъ. Этымалогія няпэўная. Параўноўвалі з ст.-інд. sátas ‘сасуд’. Махэк (LF, 55, 156) зыходнай формай лічыў *sъpto‑, якое звязана чаргаваннем галосных з све́пет (гл.). Бязлай (3, 219), аспрэчваючы версію Махэка аб непасрэднай сувязі *sъtъ і *svepetъ, схіляецца да думкі Мікалы (Ursl. Gr., 3, 25) аб паходжанні слова з і.-е. *sup‑to > прасл. *sъ(p)tъ, звязанага з прасл. *suti, *sypati (гл. сыпаць) ‘трэсці’, літ. sùpti, supù ‘калыхаць; акружаць’, з якімі роднаснае ц.-слав. свепити се ‘калыхацца’. Сумніўная версія Машынскага (Pierw., 216), які набліжаў *sъtъ да *sojǫ, *sojiti ‘калоць’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 728) следам за Рабінскім (РФВ, 62, 239) найбольш верагодным лічыць сувязь з сыта́ (гл.). Гл. таксама Глухак, 537.

Со́ты2 — парадкавы лічэбнік да сто (ТСБМ, Некр. і Байк.), со́тны ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк.). Укр. со́тий, рус. со́тый, польск. setny, в.-луж. stoty, чэш., славац. stý, серб.-харв. сто̑т, славен. stọ̑ti, stọ̑tni, балг. сто́тни, макед. стоти, ст.-слав. сътьнъ. З *sъtь, *sъtьnъ; далей гл. сто; Фасмер, 3, 728.