Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Соп, со́па ‘сажа’. Гл. со́пуха.

Со́пат ‘дым, сажа’, ‘чалеснікі’. Гл. сопуха.

Со́пка1 ‘гара конусападобнай формы, вулкан’ (ТСБМ), ‘купіна’ (Касп., ЛА, 5), ‘магільны насып’ (Шатал., ЛА, 2), ‘вялікі курган, старажытная магіла круглай формы’ (віц., Яшк.), ‘курган, грудок’ (ТС), ‘намагільны насып’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кратавінне’ (рас., Сл. ПЗБ). Рус. (арх.) со́пка ‘невялікая гара, якая стаіць асобна’, ‘вулкан; невялікі востраў’, дыял. ‘узгорак’, соп ‘насып’, стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’. Выводзяць ад соп, якое да сыпаць (Міклашыч, 334; Праабражэнскі, 2, 357; Траўтман, 293), параўн. таксама каш. sëpa ‘кратавінне’ ад sëpac ‘сыпаць’ (SEK, 4, 264). Даль (4, 273) узводзіць да сопеть, гл. сапці; Фасмер (3, 719) дапускае сувязь з гэтым дзеясловам толькі для значэння ‘вулкан’. Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), бел. сопка з рускай, але гэта, магчыма, толькі ў значэнні ‘вулкан’. У іншых славянскіх мовах (чэшскай, польскай) таксама з рускай, гл. Голуб-Копечны, 334; Варш. сл., 6, 268; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 329.

Со́пка2 ‘канапа’ (ТС), со́ўка ‘тс’ (маст., Сл. ПЗБ). Памяншальнае ад сафа́ ‘мяккая шырокая канапа’, якое праз рус. софа́ ‘тс’ або польск. sofa з франц. sofa, італ. sofá ‘канапа, сафа’; заходнееўрапейскія словы ўзыходзяць да араб. suffia ‘падушка на вярблюжым сядле’ (Фасмер, 3, 729).

Со́пкі ‘разварысты, рассыпісты’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Барад., Жыв. сл.), ‘даўкі (пра сыпкую, сухую ежу)’ (Ласт.), ‘несакавіты (пра ягады)’, ‘мяккі (пра снег)’ (Сл. ПЗБ). Укр. палес. со́пкий ‘тс’; усе да *съпъкъ; іншая ступень чаргавання кораня ў сыпаць (гл.). Параўн. стараж.-рус. съпъ ‘насып, узгорак, гара’, сопка, а таксама рассыпісты ‘сыпкі, разварысты’; гл. ЕСУМ, 5, 355.

Со́плі, со́пля ‘слізь, выдзяленні з носа; смаркачы’ (ТСБМ), со́пель ‘тс’ (Шат.), со́плі ‘соплі’, ‘ледзяшы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘ледзяшы’ (Сцяшк.), сопе́ль ‘лядзяш’, ‘ёрш’ (ТС), со́пэль, су́пель ‘лядзяш’ (івац., Нар. сл.; ЛА, 2), сапе́ль ‘сопля, лядзяш’ (Нас.). Укр. со́піль, Р. скл. — сопля ‘сопля; лядзяш’, рус. со́пля, стараж.-рус. сопль ‘тс’, польск. sopel ‘сопля; лядзяш’, чэш. sopel, славац. sopeľ, серб.-харв. sopalj ‘нарасць пад дзюбай індыка’, дыял. сопу̀ль ‘сліна’, балг. сопо́л ‘сопля’. Паводле Борыся (567), прасл. *sopъlь, *sopolь дэрыват ад прасл. sopti (гл. сапці) з суф. ‑ъlь, аднак Слаўскі (SP, 1, 111) дэрывацыйную аснову лічыць тут няяснай. Сюды ж адносяць ст.-ісл. safi ‘сок дрэва’, лац. sapa ‘сіроп з вінаграднага сусла’, арм. ham (sapmo‑) ‘сок’, авест. vī‑šāpa‑ ‘той (або тое), што мае атрутныя сокі’. Гл. яшчэ Махэк₂, 567; Фасмер, 3, 719; Скок, 3, 306; ЕСУМ, 5, 355. Меркаванне Астроўскага (ABSl, 29, 151) пра развіццё другаснага значэння ‘лядзяш’ пад польскім уплывам цяжка абгрунтаваць, параўн. балг. со́пови ‘ледзяшы на стрэсе’ (Гераў).

Со́пурха, со́пурка, сно́пурха, сне́пурха ‘галец, Nemachillus barbatulus L.’ і ‘шчыпоўка’ (Крыв.), снопа́р ‘галец, сліжык’, со́пурха, со́пуха, сно́пурха ‘пячкур’ (палес., Жыв. св.). Няясна. Усачова (Слав. ихт. терм., 74) для со́пурка ‘шчыпоўка’ мяркуе пра зыходнае сапець ‘сапці’, аднак матывацыя няясная, як і фармальныя трансфармацыі назвы.

Со́пуха ‘сажа (у пячным коміне)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 3, З нар. сл., Жыв. сл., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), ‘ліпучы бруд ад лучыннага і газнічнага дыму’ (Варл.), ‘вусце печы’ (ТСБМ), ‘комін, скляпенне коміна’ (Гарэц., Касп.), ‘чалеснікі печы’ (Шатал.), со́пух ‘цёплы дух ад печы’ (Сцяшк. Сл.), ‘сажа’ (Бяльк.), ‘брудная заношаная адзежына’ (навагр., Нар. сл.), ‘чалеснікі печы’ (Нар. словатв.), сапу́ха ‘сажа’ (Сцяшк., Сержп. Прык.), ‘засланка’ (Мат. Гом.), таксама соп ‘сажа (ТС), со́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З іншай суфіксацыяй сюды ж со́пат, со́пар ‘дым, сажа’ (Ласт., Нас.), со́пат ‘чалеснікі’ (ЛА, 4). Укр. со́пу́ха ‘сажа’, ‘чорная, як сажа, кашуля’, со́пух ‘чад’, рус. дыял. со́пуха ‘душнік у печы’, сопуха́ ‘сажа ў коміне або ў курной хаце’, польск. дыял. sopucha ‘прастор у хлебнай печы’, ‘сажа, чад’, ‘адтуліна коміна’, чэш. sopouch ‘комін’, ст.-чэш. sopúch, дыял. capouch, славац. sopuch, sopucha ‘тс’, славен. sópih, sopúh ‘дым, чад’. Ад *sopěti (гл. сапці) з суф. ‑uxa; гл. Праабражэнскі, 2, 357; Фасмер, 3, 720; Махэк₂, 567; ЕСУМ, 5, 355; Бязлай, 3, 290; SEK, 4, 344; Дзімітрова–Тодарава, Studia Etym. Brun., 3, 60 (< прасл. *sopuxъ, *sopuxa).

Со́пці ‘сапці’, ‘спаць’ (Нас.), ‘сапці’ (Байк. і Некр.). Параўн. славен. zasópsti ‘заснуць, праспаць’. Паводле Сноя (SR, 36, 1, 102), рэдкая беларуска-славенская ізасема *sopti ‘спаць’ сведчыць, што значэнне ‘спаць’ у асновы і.-е. *su̯ep‑ развілося на базе ‘дыхаць’. Параўн. сапці, спаць, сон (гл.).