Соўбіль ‘недарэка, які мяшаецца ў чужыя справы’ (Варл.). Відаць, да со́ваць (гл.), утворана ад варыянта асновы ‑со́ўваць (параўн. засо́ўваць, перасо́ўваць і пад.) праз дэвербатыў *соўба з суф. ‑ель (фанетычна ‑іль).
Со́ўгаць ‘перасоўваць што-небудзь з месца на месца’, ‘рухаць, соваць чым-небудзь у розных кірунках (звычайна па паверхні)’, ‘тыкаць, соваць’ (ТСБМ), ‘габляваць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘соваць, тыкаць’ (ТС), со́ўгацца ‘хадзіць туды-сюды, сланяцца’, ‘пасоўвацца паволі, з цяжкасцю; рухацца, перамяшчацца’ (ТСБМ, ТС; ашм., шальч., Сл. ПЗБ, Жд. 1), ‘хадзіць узад і ўперад’ (Янк. 1, Нар. Гом.), соўгену́ць ‘рэзка сунуць’ (ТС), совгну́ты ‘штурхануць’ (Сл. Брэс.), соўгну́тэ ‘тс’ (брэсц., Нар. лекс.), соўг ‘пра соўганне’ (мсцісл., Нар. лекс.), саўге́ць! ‘кідок камянём’ (Арх. Федар.), саўга́к ‘стары чалавек’ (Наша Ніва, 1998, 26 кастр.), со́ўгала ‘чалавек, які сноўдаецца без справы і заняткаў’ (Янк. 3.). Укр. со́вгати ‘соваць; соўгаць’, со́вганка ‘коўзанка’. Няясна. Для ўкраінскага аўтары ЕСУМ (5, 342) мяркуюць аб кантамінацыі со́вати і ковзати (< *ковгати), што не вельмі пераканаўча; магчыма, гэта звонкі дублет да соўкаць (гл. наступнае слова).
Со́ўкаць ‘калыхаць’ (Жд. 2), ‘трымаць дзіця на руках’, ‘няньчыць’, ‘гадаваць’ (мядз., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), со́ўкацца ‘хадзіць з кута ў кут; блытацца’ (калінк., хойн., Арх. ГУ). Інтэнсіў ад соваць (гл.), параўн. со́ўваць ‘соваць’ (Арх. Федар.), со́ўвацца ‘хадзіць за кім-небудзь, бадзяцца’ (Сл. ПЗБ), магчыма, праз стадыю інтэр’екцыі соў(к)! (пра хуткі рух). Меркаванне пра развіццё спецыяльных значэнняў ‘гадаваць, даглядаць’ пад уплывам літ. sáugoti ‘берагчы, сцерагчы’ гл. Санько, Крыўя, 1996, 1, 92.
Со́ўкі ‘няцвёрды (аб зімняй дарозе)’ (Нас.), ‘рыхлы (пра снег)’ (Юрч.), со́ўкая дарога ‘занесеная снегам’ (Мат. Маг.). Рус. со́вкий ‘мітуслівы, неразважлівы (чалавек)’. Да соваць; аб рус. слове гл. Варбат, Этимология–1983, 38.
Со́ўма ‘гвалтоўна, напорыста’ (Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ), ‘знянацку, нечакана’ (Барад.). Дзеепрыслоўе ад соваць (гл.), утворанае па тыпу бегма, лежма і пад. Да семантыкі параўн. соўну́ць ‘штурхнуць’ і су́нуць ‘сунуць, пайсці гуртам’ (ТС), параўн. укр. совману́ти ‘штурхнуць’, што таксама звязваюць з со́ва́тися ‘совацца’, суну́ти ‘піхнуць’ (ЕСУМ, 5, 343). Магчыма, сюды ж соўма́к, соўма́н ‘ціхі, негаваркі чалавек, што паводзіць сябе незалежна’ (ТС), соўмач ‘нелюдзімы чалавек’ (лук., ЛА, 3), гл. саўміла. Наўрад ці звязана з тур. sovmak ‘гнаць, праганяць, адганяць’.
Со́ўпацца, со́впатысь ‘сноўдацца, совацца’, совпну́тысь ‘таркануцца, усунуцца’ (Сл. Брэс.), со́впатыся ‘соўгацца, таптацца’ (пін., Нар. лекс.). Укр. палес. со́впатис ‘цягнуцца па снезе або балоце’, совпну́ти ‘торкнуць’, перан. ‘папракнуць’, совпну́тысь ‘торкнуцца, штурхнуцца’. Анікін (Этимология–1982, 67) узнаўляе прасл. *sъlpati sę, *sъlpnǫti (sę) на аснове семантычнага паралелізму польск. wytknąć (język, palec) ‘вытаркнуць (язык)’ і wysalapić (język) як сіноніма гэтага выразу; далей гл. салупаць. Менш пераканаўча ЕСУМ (5, 343), дзе мяркуецца аб кантамінацыі со́вати або совгати і човпти ‘чаўпці’.