Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Су́балаткі ’сумежныя балоты’ (круп., Сл. ПЗБ), су́балатак ’нізкае месца, лужок каля балота’ (кіраў., Нар. сл.). Укр. чарніг. су́болоток ’забалочаная нізіна, балотца’, рус. наўг., арх. су́болоток ’нізкае мокрае месца, мачажына’. З су- і балота, аформленае суф. ‑к‑ і ‑ак‑.

Су́бар ’сумесь збожжавага насення’ (Нас.; парыц., Янк. Мат.; Мат. Гом.; асіп., Сл. ПЗБ; маг., гом., ЛА, 4), ’зерневыя адходы пры веянні збожжа’ (Мат. Маг.; рагач., асіп., Сл. ПЗБ; Шатал., Ян.; ЛА, 2), су́бырь, су́барь ’розная мука, сабраная ў млыне ад дзесяціны’ (Шымк. Собр.), ’высеўкі, вотрубі’ (Растарг.), субо́р ’куча дробнага камення, сабраная на полі’ (Касп.; полац., Нар. лекс.), ’мука, атрыманая ад памолу сумесі ячменю і грэчкі’ (Ян.), ’натоўп, зборышча’ (Станк.; маст., Нар. сл.), сюды ж су́барны: субарная мука ’мука з сумесі рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), суба́рніца ’сумесь рознага збожжа’ (глыб., Сл. ПЗБ), суба́рніна ’бязглуздзіца, кавардак’ (Касп.). Рус. суба́р ’адходы, сумесь’, пск. субо́р ’каменне, сабранае з поля і складзенае ў кучу’. З су- і браць, гл. (Фасмер, 3, 791–792). Параўн. аналагічнае славен. sọbra ’крупы’ < *sǫ‑bьra (Сной у Бязлай, 3, 282), што дае падставы для рэканструкцыі *sǫ‑borъ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 206). Значэнне ’куча камення на полі’ не звязана з бор ’узвышэнне, пясчаны бугор’ (Талстой, Геогр., 40). Борысь (Prefiks., 93) узнаўляе прасл. *sǫborь/*sǫborъ < прасл. *sъ‑berǫ, *‑bьrati з адпаведнікамі ў балцкіх мовах: літ. súmbaris ’ссыпанне, складванне разам’, sǫ́barios ’дажынкі’, лат. suobara ’сумесь розных гатункаў збожжа’. Варбат (Слав. языкозн., VII, 110–111) больш позняй праславянскай лічыць і *sǫbarъ з падаўжэннем апафанічнага *o ў корані аналагічна *udarъ.

Су́бач ’наўзбоч’ (Ласт.), рус. сбочь ’тс’. З су- і бок, аналагічна да побач, гл.

Суб’е́кт ’дзейная асоба; асоба або арганізацыя з акрэсленымі правамі і абавязкамі; дзейнік’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’кожная асоба або рэч, пра якія гаворыцца’ (Ласт.). Ст.-бел. субъектумъ ’суб’ект’ (1722 г.) — непасрэднае запазычанне з лац. subjectum (Булыка, Запазыч., 311). Сучасныя формы, хутчэй за ўсё, запазычаны праз польск. subiekt або рус. субъектпольск., гл. Віткоўскі, Słownik, 181).

Су́біна ’палавіна (звыч. кола) счыненай дамашняй каўбасы’ (мёрск., Нар. ск.). Няясна (іранічна да літ. subinė ’зад’?).

Субо́жны ’той, хто мае Бога ў сэрцы’ (Нас.), сюды ж субо́жніна ’міласціна’ (Стан.); субо́жыцца ’злітавацца, пашкадаваць, пабаяўшыся Бога’ (лаг., Гіл.). З су- і ‑божны < бог. Параўн. набо́жны. Фармальны адпаведнік таксама ў в.-луж. subožny ’жарэбная (кабыла)’, ад su‑ і *božьnъ‑jь; апошняе ў значэнні ’шчаслівы, блаславёны’; гл. Шустар-Шэўц, 1374. Не выключала другаснае ўтварэнне ад субо́жыцца ’збяднець, стаць убогім’ (Варл.), субо́жывацца ’бяднець, прыкідвацца бедняком’ (Нас.) — ад убогі, гл.

Субо́р ’натоўп, зборышча’ (маст., Нар. сл.), ’сходка’: субор дзеўкам; ’сабор’, ’куча камення’ (Станк.), субо́рна субо́та ’першая субота ў вялікі пост’ (ТС). Гл. субар; да апошняга параўн. збо́рна (збо́рава) субо́та ’тс’: идуть у цэркву люди, паминають радителяу (Талстая, Полес., 220), ад *sъ‑borъ, гл. браць.

Субо́та ’шосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, ТС), сыбо́та (Янк. 2; Сцяшк., Мал., Ян.; Шымк. Собр., Мат. Маг., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сабо́та (Сл. ПЗБ), сымбо́та: у сымботу будзем картоплю капаць (Жд. 2), сюды ж суботнік ’кніжка для ўпісвання імён нябожчыкаў для памінання ў памінальныя суботы’ (Шымк. Собр.), субо́ня (< суботня) ’мянушка цяляці, якое нарадзілася ў суботу’ (лаг., Сл. ПЗБ). Укр. субо́та, рус. суббо́та, ст.-рус. субота, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. sobota, палаб. sübota, серб.-харв. су́бота, славен. sobóta, балг. съ́бота, макед. сабота, ст.-слав. сѫбота/собота, што ўрэшце ўзыходзяць да ст.-яўр. šabbāt, арам. šabbətā ’дзень пасля шасці працоўных дзён’. У якасці непасрэдных крыніц запазычання разглядаюцца с.-лац. sabbata, мн. л. ад sabbatum пераважна для заходнеславянскіх і заходне-паўднёваславянскіх форм з пачатковым *so‑; адпаведную стараславянскую форму лічаць маравізмам, гл. Львоў, Зб. Нахцігалу, 186; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 328. Усходне- і паўднёваславянскія формы з *sǫ‑ узводзяцца, па адной версіі, да грэч. дыял. *σάμβατα, мн. л. ад *σαμβατον, пры літаратурным грэч. σάββατον (Фасмер, 3, 792 з аглядам літ-ры; Младэнаў, 626); па другой — да балк.-лац. *sambata, параўн. рум. sâmbăta (Скок, 3, 299). Германскае пасрэдніцтва, параўн. ст.-в.-ням. sambaʒtag (Міклашыч, 314 і інш.), адмаўляе Фасмер (там жа) з прычыны распаўсюджання *sobota ва ўсіх заходнеславянскіх мовах. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1331; Сной, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5; Бязлай, 3, 282. Падрабязны агляд версій (з размежаваннем незалежных, як мяркуецца, па паходжанні *sǫbata і *sobata) гл. ESJSt, 14, 859–860. Формы з сы‑, са‑ — у выніку распадабнення перад губнымі зычнымі, параўн. спарадычнае сыпонь, сыпоня пры паўсюдным супонь, супоня (ЛА, 2), гл. Другасная назалізацыя перад губнымі вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб. прамбаба ’прабабуля’, і робіць уражанне аднаўлення першаснай у ст.-слав. сѫбота (параўн. Пятлёва, Этим. иссл., 2001, 48), што адпавядае аналагічным балканскім працэсам, у тым ліку с.-грэч. σάμβατον < σάββατον, гл. Зайкоўскі, Слов. етим., 199.

Субста́нцыя ’матэрыя; першааснова’ (ТСБМ, Некр. і Байк.); ст.-бел. субстанция ’ежа’, ’злучэнне; матэрыя; маса’, ’маёмасць’ (Ст.-бел. лексікон) запазычана праз ст.-польск. substancyja ’тс’ або непасрэдна з лац. substantia ’сутнасць; уласнасць; наяўнасць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 77). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. субстанция.

Субты́льны ’кволы, слабы’, ’далікатны, тонкі’ (ТСБМ), субтэ́льны ’зграбны’, сюды ж, відаць, субтына́е ’танец аднаго чалавека’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. субтелный ’тонкі, празрысты’ (1596 г.). Запазычана праз польск. subtelny, subtylny ’тонкі, крохкі, далікатны’ з заходнееўрапейскіх моў, параўн. франц. subtil, ням. subtil, што да лац. subtīlus ’тонкі, пяшчотны’ (першапачаткова ’тонкатканы’ — *sub‑texlis, параўн. тэкстыль, гл.). Сучасная літаратурная форма, відаць, з рускай. Гл. Фасмер, 3, 793; ЕСУМ, 5, 464; Булыка, Лекс. запазыч., 196.