Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Су́са ’наўскач’: кабылка прэ cyca (Сержп. Казкі), даў cyca ’задаў стракача’ (Сержп. Прымхі). Запазычана праз польск. sus, szus ’доўгі скачок’ з ням. Schuss ’скок’ (Брукнер, 558; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 376; ЕСУМ, 5, 481). Магчыма, пасрэдніцай выступала мова ідыш, параўн. sus ’конь’ (Астравух, Ідыш-бел. слоўнік, 726), гл. таксама Штэрн, Wörterbuch, 211.

Суса́к ’вадзяная ці балотная расліна, Butomus L.’ (ТСБМ, Кіс.), ’банцушнік парасонавы, Butomus umbellatus L.’ (Некр. і Байк.). Цюркізм, але дакладная крыніца не вызначаны Мяркулава (Очерки, 55–56) параўноўвае з баш. сǝскə ’кветка’, чув. çеçке, тат. сǝсǝк ’тс’, таму што расліна цвіце прыгожымі ружовымі кветкамі; як вадзяная расліна звязваецца з тур. susak ’вядро, коўш’, кірг. сууса ’хацець піць’, тат. сусау ’тс’ (Дзмітрыеў, Строй, 544). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 482. Беларускае, відаць, з рускай.

Сусве́т ’увесь свет’, ’зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй’, ’асобная частка сусвету’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), сусьве́т ’усясвет, космас’ (Ласт., Яруш.; Беларусіка, 14, 225), сусве́тный ’усясветны; з усяго свету першы’: сусветны злодзей (Нас.), сусве́тны (сусьве́тны) ’усясветны’, ’што паходзіць з белага свету’ (Гарэц., Яруш., Ласт., Варл.), ’касмічны’ (Беларусіка, 19, 226), сусве́цце ’людзі, наезджыя адусюль’ (Барад.). Рус. сусве́тный ’агульны, усясветны’. Відаць, з першаснага усясвет (гл.), што з’яўляецца калькай ням. Weltall ’сусвет’ < Welt ’свет’ і all‑ ’увесь’, з заменай уся‑ на су- са значэннем сукупнасці (гл.).

Сусе́д ’чалавек, які жыве паблізу, побач або займае бліжэйшае месца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Растарг.), сусе́дзь ’тс’ (Ян.), сасе́д, сасе́дзь ’тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. сусѣдъ ’тс’ (Карскі 1, 122), сусѣда ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сусі́д(а), рус. сосе́д, дыял. сусе́д, ст.-рус. сусѣдъ, польск. sąsiad, в.-луж. susod, н.-луж. sused, чэш. soused, славац. súsed, серб.-харв. су̏сјед, славен. sósẹd, балг. съсе́д, макед. сосед, ст.-слав. сѫсѣдъ. Прасл. *sǫsědъ ’сусед’, дэрыват з прыст. *sǫ‑ і назоўнікавым коранем *‑sěd‑ < *sěděti ’сядзець’; гл. Шустар-Шэўц, 1380, Фасмер, 3, 726; Трубачоў, Проспект, 80; ESSJ SG, 1, 240. Борысь (540) разглядае як аддзеяслоўны назоўнік ад *sъ‑sěsti (sę) ’сесці разам, побач’, першапачаткова як назва дзеяння з наступным пераходам *sъ‑ > *sǫ‑.

Сусе́к ’засек, аруд’ (Ласт., Сцяшк.), су́сек ’тс’ (Растарг.), сусека (сусѣка) ’тс’ (Шымк. Собр.). Рэдкі архаізм, звычайна засек, гл. Ужо прасл. *sǫsěkъ, параўн. укр. дыял. сусі́к, стараж.-рус. сусѣкъ, рус. сусе́к, польск. sąsiek, старое sousek, чэш. дыял. súsek, славац. súsek ’драўляная пасудзіна для мукі’, балг. дыял. со̂сек, съ́сек; ад *sъ‑sěkti ’ссячы разам’ (Борысь, Prefiks., 99–100). Фасмер (3, 809) выводзіць ад *sǫ‑ ’су-’ і sek‑ (гл. сячы). Гл. яшчэ Бярнар, Бълг. изсл., 250 і наст.

Сусі́м ’зусім’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Растарг.; ашм., Стан.; сен., Рам. 3), сусём ’тс’ (маладз., Гіл.). Варыянтная форма да зусім (гл.), параўн. свабодныя спалучэнні ст.-бел. со всимь, зо всимъ (< съ всимъ), дзе выступае Тв. скл. ад займ. вьсь ’увесь’ (Карскі 2–3, 216; Шуба, Прыслоўе, 149). Паводле Насовіча, “о и в обращены в у” (Нас., 624).

Су́сла ’брага на выраб піва і квасу’, ’сок адціснутага вінаграду’ (ТСБМ), ’самаробная соска з жаванага з цукрам хлеба, загорнутага ў анучку’, ’папяроса-самакрутка’ (Кал.), ’соска з перажаванага хлеба’ (ганц., Сл. ПЗБ), ’лядзяш; засохлыя соплі’ (Нас.), ’лядзяк’, ’соска з хлебнага мякішу’, ’зблытаны лён’ (ТС), сусла́, сусо́лка ’соска з засалоджанага хлебнага мякішу’ (Варл.), су́сла (су́сло) ’чалавек, які жыве за чужы кошт; п’яніца, які п’е толькі чужую гарэлку’ (Мядзв.), ’брага’, ’вялы флегматычны чалавек’ (Растарг.), су́слачка ’камяк чаго-небудзь, сціснуты ў руцэ’ (Сл. ПЗБ), сюды ж су́сліць ’мазаць супонямі або нечым тлустым’ (там жа). Параўн. укр. су́сло ’брага’ (< рус., ЕСУМ, 5, 483), рус. су́сло ’тс’. Несумненна, звязана з ссаць, гл. Паводле Трубачова (Труды, 1, 669), з *sut‑slo (< *sъpǫ, *suti ’сыпаць, ліць’) як *čit‑slo, *vez‑slo, *maz‑slo. Гл. таксама Фасмер, 3, 810 (сумняваецца ў этымалогіі, якую прапанаваў яшчэ Жалтоў, ФЗ, 1876, 1, 51). Улічыўшы шырокае распаўсюджанне ў народнай мове, не можа разглядацца як запазычанне, да чаго схіляецца Фасмер (там жа).

Су́слік 1 ’грызун, які жыве ў норах і шкодзіць пасевам’ (ТСБМ), су́сьлік, сусла́к ’тс’ (Некр. і Байк.), суслі́ла, суслі́чыха ’самка сусліка’ (Мат. Гом.), сусо́л ’суслік’: заспаны, як сусол (Сл. ПЗБ). Укр. дыял. су́слик, рус. су́слик, стараж.-рус. сусълъ, сусолъ, польск. suseł, каш. sus ’суслік’ (толькі ў параўнанні spać jak sus), в.-луж. suslik, чэш. sysel, славац. sysel, славен. sȗslik, балг. съ́сел ’суслік’. Як праславянскае Бязлай (3, 343) узнаўляе *suselъ, *syselъ, *sъsъlъ; Махэк₂ (600) — толькі *suselъ, лічачы форму з ‑у‑ другаснай. Слова гукапераймальнага паходжання: да прасл. *susati, ’пішчаць, свісцець’, параўн. польск. дыял. susać ’шалясцець’ (Віл. сл.), ц.-слав. сысати ’шыпець, сыкаць’, балг. съ́скам ’шыпець’, якое параўноўваюць з лат. susuris ’шэрая або чорная землярыйка’, susers ’лясная мыш’, ст.-в.-ням. sûsôn, sûsan ’гусці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1126 і наст.; Брукнер, 526; Фасмер, 3, 809; Бязлай і Махэк₂, там жа; Борысь, 588). Да семантыкі параўн. чэш., славац. svišť, польск. świszcz ’сурок’, роднасныя свістаць, сурчок, гл. Беласт. сусол ’суслік’ аўтары Сл. ПЗБ (там жа) лічаць паланізмам, а кашубская форма ўтворана шляхам адсячэння фіналі слова, гл. SEK, 4, 377. Па іншай версіі (напр., Младэнаў, 617) зыходзілі з прасл. *sъsati ’смактаць’, пра што можа сведчыць су́слік 2, што падаецца малаверагодным.

Су́слік 2 ’дзіця, якое ссе грудзі’ (Нас.). Да сусліць (гл.).

Су́слік 3 ’лядзяш’ (Сцяшк.), су́слікі, суслякі́ ’ледзяшы’ (беласт., віл., Сл. ПЗБ). Укр. су́слік ’соска’. Да сусліць (гл.).

Су́сліць ’смактаць; піць, цягнуць патрошку’, ’мусоліць’ (Нас., Некр. і Байк.), ’ледзь сачыцца (пра ваду)’ (Цых.), суслі́ць экспр. ’прасці’ (Сл. рэг. лекс.); сюды ж, відаць, і сусмо́ліць ’слініць, ссаць, абсмоктваць’ (Варл.) з экспрэсіўнай устаўкай ‑мо‑, су́сліцца ’замаслівацца пры ссанні’ (Нас.). Рус. наўг. су́слить ’павольна піць; чмокаць’, су́сля ’той, хто сусліць’. Звязана чаргаваннем галосных з *sъsati ’ссаць’; гл. Фасмер, 3, 810; ЕСУМ, 5, 483.

Сусло́н ’малая ўкладка снапоў у полі’ (пін., ДАБМ, камент., 877), ’нахіл’, сусло́ны ’нахілены, пакаты’ (Ласт.). Укр. суслі́н ’укладка снапоў у полі’ (з рус., ЕСУМ, 5, 483), рус. сусло́н ’тс’. Прыставачнае ўтварэнне ад сланіць, гл.