Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сук1 ’галіна ствала дрэва і яе астатак у дошцы, бервяне’ (ТСБМ, Ласт., ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл.), ’засохлая галіна’, ’адростак рота’ (Сл. ПЗБ), ’хвосцік у гарбуза’ (ТС), ’скупы чалавек’ (Скарбы, Сцяц. Сл.). Укр., рус. сук, польск. sęk, в.-луж., н.-луж. suk, славін. sąk, чэш., славац. suk, серб.-харв. су̑к, славен. sọ̑k, балг. сък, макед. сак, ст.-слав. сѫкъ. Прасл. *sǫkъ збліжаюць з літ. at‑šankē ’крук, выступ на дрэве; палка’, ст.-інд. çaŋkús ’востры колышак, драўляны цвік, кол’, кімр. cainc ’сук’ (< ḱanki), ст.-ісл. hár ’уключына’ (< hanha‑), якія да і.-е. кораня *ḱonk‑ ’галіна, галуза’, гл. Покарны, 523. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 798 з іншай літ-рай; Махэк₂, 592; Бязлай, 3, 285–286; Шустар-Шэўц, 1377; Борысь, 542; ESJSt, 14, 862–863. Пра магчымую сувязь з саха гл. Хэмп, Studia etym. Brun. 3, 97–98. Аб семантычным пераходзе ’нешта крывое, сагнутае’ → ’скупы’ гл. Казлова, Этимология–1982, 49.

Сук2 ’кастрыца ў прадзіве’ (ТС), суке́ ’сучкі ў воўне’ (карэліц., Шатал.), сучо́к ’скрутак на крутой нітцы’ (ТС), ’вузел’ (Сл. Брэс.). Рус. дыял. сук ’вузел на вяроўцы, на поясе і г. д.’, чэш. мар. suk ’вузялок’. Аддзеяслоўны дэрыват ад сукаць; гл. Махэк₂, 592.

Су́ка1 ’самка сабакі’, ’лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Федар. 4, Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, ТС), сука́ ’тс’ (віц., маг., Жыв. св.; Растарг.), памянш. су́чка ’тс’ (Жыв. св.), суко́ба лаянк. ’сука’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́ка, ст.-рус. сука, польск. suka, палаб. sauко́ ’распусніца’, чэш. дыял. suka ’сука; злая жанчына’, славац. suka ’тс’. Прасл. дыял. (паўн.-слав.) *suka ’самка сабакі’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваюць з індаеўрапейскай назвай сабакі: літ. šuõ, усх.-літ. šunis, лат. suns, ст.-прус. sunis, ст.-інд. çúvā, çvā, авест. spā, лац. canis, гоц. hunds і г. д., якія з’яўляюцца кантынуантамі і.-е. *ḱuōn ’сабака’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1123 і наст., Фасмер, 3, 798. Супраць па фанетычных прычынах Борысь (586). Трубачоў (Происх., 21–22) такое набліжэнне таксама лічыць недаказаным, паколькі гэта супярэчыць развіццю славянскіх асноў на ‑n, параўн. і.-е. *kamōn > слав. kamy, kamykъ. Спасылаючыся на Брукнера (525), які прыводзіць ст.-польск. (XVII ст.) sula ’сука’, ён выдзяляе ў слове суф. ‑ka. Махэк₂ (592) прапаноўвае паходжанне ад падзыўных воклічаў, напр. н.-луж. tśu‑tśu на сабак. Іншыя версіі таксама малаверагодныя: рэканструкцыя і.-е. *pḱeukā і набліжэнне да ст.-інд. paçukā ’дробная скаціна’ або прасл. *sǫka і меркаванні аб запазычанні польск. *suka з усходнеславянскіх моў (Петарсан, AfslPh, Зб. 139 і наст.).

Су́ка2 ’прыстасаванне для ўкладкі доўгага бярвення, калі пярэдняя вось аддзяляецца ад колаў, а “сука” укладваецца на гэту вось’ (Шат.), су́кі мн. л. ’малыя драўляныя санкі’ (Сл. рэг. лекс.). Гл. сучка2.

Сука́дла ’сукала’ (Сцяшк., Сцяц. Сл., Скарбы; віл., навагр., шчуч., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), сука́дло ’тс’ (гарад., Сл. ПЗБ; Тарн., Бес.). З польск. sukadło ’тс’, на што ўказвае суф. ‑dło.

Су́кал ’скрыўленне, выгіб’ (Ласт.). Паводле аўтара слоўніка, ад сучы́ць ’скручваць’ (там жа, 103), гл. сукаць ’круціць’ і сукол.

Сука́ла ’прылада для насуквання нітак на цэўкі’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сл. Брэс., Тарн.; брагін., Нар. сл.; докш., Янк. Мат.), сука́ла, сука́ло ’тс’ (Сл. ПЗБ), сука́йло, сука́ло ’тс’ (ТС, Уладз., Ск. нар. мовы), сука́йла ’тс’ (Шат., Мат. Гом., Скарбы), яшчэ сука́льнік, сука́льніца (ЛА, 4). Укр. су́кало, рус. скало́, ска́льница, польск. sukadło, в.-луж. sukadło, палаб. săkodłə, серб.-харв. дыял. су̀кало, макед. сукало. Прасл. *sukadlo, *sъkadlo ’назва прылады для сукання’ — дэрываты ад *sukati (гл. сукаць) з інструментальным суф. *‑dlo, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 112.

Сукале́нка ’вузел у сцябле саломы’ (Касп.), сукале́нкі ’суставы пальцаў’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), сукале́нца ’вузел кушчэння’ (Нас., Юрч. Вытв.), сукале́нцы ’тс’ (Сл. ПЗБ), ’калены сцябла’, ’нарасці на ніжняй частцы нагі ў пеўня’ (Нар. сл.), сукале́нца ’перагіб, сустаў’ (Бяльк.), сукале́нца, сукале́нны ’які мае шмат парасткаў, сучкоў’ (Нас.). Да калена (Борысь, Prefiks., 134), гл.

Су́калень ’птушка вераценік’ (Інстр. 2, Ласт.). Да сукаць, сукала, гл. матывацыйную сувязь іншай назвы з верацяно. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнай мутацыйнага паходжання (перадае скрып матавіла). Неверагодна збліжэнне з кал у Фасмера (3, 798). Гл. Антропаў, Назв. птиц, 368.

*Су́кань, су́конь ’суконная пража’ (ТС). Дэрыват ад суканы < сукаць (гл.) з суф. ‑ь; ‑о‑, відаць, гіперкарэктнага паходжання.

Су́карак (су́кырак) ’сукрутак, завіток, кучаравінка’ (Бяльк.), су́карка ’вузялок або пупырышка на крута ссучанай нітцы’ (Нас., ЛА, 5, Бяльк.), сука́ркі ’сукараткі’ (Сцяшк.), памянш. су́карачка ’тс’ (Нас.), сюды ж су́карыцца ’скручвацца ў закруткі’ (Нас.; мёрск., Сл. ПЗБ). Суфіксальнае ўтварэнне ад *сукар, параўн. су́кърына ’вузялок на крута звітай нітцы’, мн. л. су́кры (КСП), ’локаны’ (Касп.), якія суадносяцца з серб. дыял. сука́р ’цеста для слаёнага пірага ў скручаным выглядзе’, балг. дыял. су́кер ’пятля, вузельчык на ненацягнутай вяроўцы, нітцы і пад.’, сука́р ’ссучаная вяроўка’, ’чорная вяроўка, якой абвівалі анучы на нагах у пасталах, абмоткі’; што да прасл. *sukrъ, суадноснага з літ. sukrùs ’моцна скручаны’, гл. Цыхун, БЛ, 5, 47; Трубачоў, Слав. языкозн., V, 183 — усё да *sukati, *sъkati, гл. сукаць. Неабгрунтаваным падаецца меркаванне Бярнара (Бълг. изсл., 360) пра грэчаскае паходжанне балгарскіх слоў. Гл. таксама сукрак1, сукрыцца.

Су́каратка ’скручанае месца ніткі, вяроўкі’ (ТСБМ, Касп., Жд.; мёрск., Ск. нар. мовы; ЛА, 5; Сл. ПЗБ), су́курытка ’завіток валос’ (Бяльк.), су́караць ’малады бярэзнік для звязвання калоў у агароджы’ (Мат. Маг.). Рус. зах. су́коротка, су́короть ’тс’. Да су́карак (гл.) пад уплывам кароткі, караціць. Параўн. сукрут, сукрутка, гл.