Сак1 ’жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Хрэст. дыял.), ’верхняя жаночая вопратка на ваце’ (ТС), ’верхняя жаночая вопратка кароткага памеру’ (Янк.), ’жаночае адзенне’ (Сл. ПЗБ), ’жаночае паліто’ (Бяльк.). З польск. старога sak ’жаночая прасторная вопратка’, якое, відавочна, як і рус. сак ’прасторны, падобны на мяшок плашч’ запазычаны з франц. sac ’плашч’, першапачаткова ’мех’. Аб рускім слове гл. Фасмер, 3, 546. Гл. наступнае і сачык. Ст.-бел. саакъ, сакъ у значэнні ’мяшок; жаночая вопратка; рыбалоўная сетка; мера мёду’ (XVI ст.) з ст.-польск. sak (Булыка, Лекс. запазыч., 104).

Сак2 ’рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўная перастаўная пастка, звычайна пазавая’ (Крыв.), сачо́к ’рыбалоўная сетачка, якая прывязана да жэрдкі’ (Нас.). Гл. таксама ЛА, 1, Карта № 333. Агульнаславянскае. Укр. сак ’ручная сетка’, рус. сак ’від рыбалоўнай сеткі’, ’торба для корму ў кавалерыі’, польск., чэш., славац. sak ’кашэль, мех’, в.-луж. sak ’сетка’, серб.-харв. са̏к ’мех для сена’, славен. sàk ’рыбалоўная сетка’, балг., макед. сак ’тс’. Большасць даследчыкаў (Мюлер, BB 1, 279; Міклашыч, 287; Сной₁, 551; падрабязна гл. Фасмер, 3, 546) лічаць запазычаннем з грэч. ςακκος ад ст.-яўр. (фінікійскага) saq ’мех, шарсцяная тканіна, адзежа’ праз нар.-лац. saccus ’мех’ або італ. sacco ’кашальковая сетка’. Са́ква ’торба з кормам у конніцы’ сведчыць аб існаванні формы *saky, ‑ъve, якая наблізілася да слав. асноў на ‑ŭ. Менш верагодным лічыцца запазычанне праз гоц. sakkus ’мех’ (Уленбек, AfslPh, 15, 491) або з лац. sagena праз ням. Sack (Махэк₂, 536). Гл. таксама Шустэр–Шэўц, 2, 1264–1265; БЕР, 6, 423–424.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)