Су́ка 1 ’самка сабакі’, ’лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны)’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Федар. 4, Арх. Вяр., Сл. ПЗБ, ТС), сука́ ’тс’ (віц., маг., Жыв. св.; Растарг.), памянш. су́чка ’тс’ (Жыв. св.), суко́ба лаянк. ’сука’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́ка, ст.-рус. сука, польск. suka, палаб. sauко́ ’распусніца’, чэш. дыял. suka ’сука; злая жанчына’, славац. suka ’тс’. Прасл. дыял. (паўн.-слав.) *suka ’самка сабакі’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваюць з індаеўрапейскай назвай сабакі: літ. šuõ, усх.-літ. šunis, лат. suns, ст.-прус. sunis, ст.-інд. çúvā, çvā, авест. spā, лац. canis, гоц. hunds і г. д., якія з’яўляюцца кантынуантамі і.-е. *ḱuōn ’сабака’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1123 і наст., Фасмер, 3, 798. Супраць па фанетычных прычынах Борысь (586). Трубачоў (Происх., 21–22) такое набліжэнне таксама лічыць недаказаным, паколькі гэта супярэчыць развіццю славянскіх асноў на ‑n, параўн. і.-е. *kamōn > слав. kamy, kamykъ. Спасылаючыся на Брукнера (525), які прыводзіць ст.-польск. (XVII ст.) sula ’сука’, ён выдзяляе ў слове суф. ‑ka. Махэк₂ (592) прапаноўвае паходжанне ад падзыўных воклічаў, напр. н.-луж. tśu‑tśu на сабак. Іншыя версіі таксама малаверагодныя: рэканструкцыя і.-е. *pḱeukā і набліжэнне да ст.-інд. paçukā ’дробная скаціна’ або прасл. *sǫka і меркаванні аб запазычанні польск. *suka з усходнеславянскіх моў (Петарсан, AfslPh, Зб. 139 і наст.).
Су́ка 2 ’прыстасаванне для ўкладкі доўгага бярвення, калі пярэдняя вось аддзяляецца ад колаў, а “сука” укладваецца на гэту вось’ (Шат.), су́кі мн. л. ’малыя драўляныя санкі’ (Сл. рэг. лекс.). Гл. сучка 2.