Суна́дзкі ’вяровачкі для падвешвання нітоў’ (калінк., Сл. ПЗБ), су́назкі ’дзве планкі, як часткі набілак, са шпарамі, у якія ўстаўляюцца бёрда’ (Янк. 1), су́назка ’кій, які ўсаджваецца ў “вушы” кубла’ (мазыр., ГЧ). Слова таго ж кораня, што і снадзь (гл.), да прасл. *snaditi ’злучаць, змацоўваць’; магчыма, ад незахаванага *сунадзіць з суф. ‑к‑.
*Сунажа́ць, суножа́ць ’світаць; цямнець’ (ТС). Няясна. Да *суно́зіць, параўн. суноза (гл.), г. зн. ’злучаць (ноч і дзень)’? Аб сумяшчэнні значэнняў ’світаць’ і ’цямнець’ параўн. сутонне, гл.
Су́настка ’ручка ў набіліцах’ (пух., З нар. сл.), ’палачка для падтрымання набілак’ (Шат.), сюды ж, відаць, і лаянк. ’нелюдзімка’ (Адм.). Этымалагічна тое, што і снасць (гл.), але з іншым словаўтваральным афармленнем: прыст. су- і суф. ‑к‑.
Сунда́чыць ’многа набіраць’ (ТС). Параўн. укр. сунда́читися ’цягнуцца, плясціся’. Шульгач (Прасл. гідронім., 269) мяркуе пра зыходнае *sъldačiti — дзеяслоў на ‑iti‑ ад незасведчанага *sъldakъ, параўн. рус. дыял. присалдычить ’ударыць’, суадносны з *sъldyga (гл. сулдыга), што няпэўна. ЕСУМ (5, 475) звязвае ўкраінскае слова з су́нутися (гл. сунуць).
Су́ндзіла ’непаваротлівы, няўклюдны чалавек’ (Мат. Маг. 2). Параўноўваецца з укр. дыял. сандига ’непаваротлівы чалавек; дахадзяга’, якое выводзіцца з *sъldyga (гл. папярэдняе слова), што да ўкр. досовдати(ся) ’даплесціся, дабрацца’ (< *do‑sъldati sę) (Шульгач, Прасл. гідронім., 169). Сумніўна; хутчэй да сунуцца (гл. сунуць) праз незафіксаванае *сунда (параўн. дыял. durandá ад durʼėč, гл. Саевіч, Derywacja, 161) з экспрэсіўным суф. ‑іла.
Сунду́к ’куфар’ (мін., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц. Сл., ТС, Мат. Гом.), ’дарожная сумка’ (Сцяшк. Сл.), ’рамачны вулей’ (Анох.); перан. сунду́к, сунды́к ’пра тупога, абмежаванага чалавека’ (Мат. Гом.), на Смаленшчыне таксама санду́к ’тс’ (Дабр.). Дапускаюцца розныя шляхі запазычання мяркуемага цюркізма, у тым ліку праз рус. сунду́к ’куфар, скрыня’, дзе, магчыма, чувашскае пасрэдніцтва (Дабрадомаў, Бел.-рус. ізал., 40), або ўкр. сунду́к ’тс’, відаць, з палавецкага сундух (Тагіеў, Цюркізмы, 151). Але параўн. ст.-бел. сундукъ ’куфар’ (1598 г.) са стараж.-рус. сундукъ ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104). Крыніцай можа быць кыпч. sunduq, тур. sandik крым.-тат. сандык ’тс’ < араб. ṣandûḳ, ṣundûḳ якія ўзводзяцца да грэч. συνδοχετον або συνδυκετον ’тс’; гл. Фасмер, 3, 803 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 475 і наст. Малаверагодны ўплыў польск. sądek ’кадушка, кубел’, як мяркуе Цвяткоў, Запіскі, 2, 67.
Суне́га ’пяшчота; палкасць’ (У. Дубоўка, Стан.). З су- і нега, гл. (паэтычны наватвор?), параўн. кунега, кунежыцца, гл.
Су́неча ’на самай справе, сапраўды’ (Мат. Гом.). Няясна.
*Суні́з, суні́с ’кажух з буркай’ (мядз., Нар. сл.). Да ніз (гл.); параўн. снізак (гл.).