Снасць ‘неабходныя інструменты, прылады, прыстасаванні для якога-небудзь занятку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Сержп., Пятк. 2, Сцяшк., ТС; брасл., пух., лях., Сл. ПЗБ), ‘збруя, панарад’ (Кольб., Сл. ПЗБ), ‘вяроўка, канат’ (Ласт.), снась, снасць ‘доўгая пяньковая вяроўка, якая выкарыстоўваецца для тармажэння плыта’ (падзв., Нар. сл.), снасць (або нарад) до кросён ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз.), снасць, мн. л. снасці: рыболоўные снасці ‘прыстасаванні для рыбнай лоўлі’ (Крыв.), сна́сці ‘лапці, сплеценыя з вяровак’ (Сакал.), снасці́на ‘хамут’ (Сержп. Прык.). Укр. снасть ‘каркас; касцяк’, рус. снасть ‘прылады, інструменты’, стараж.-рус. снасть ‘прылады, збруя; узбраенне, даспехі’. Прасл. паўн. *snastь, паводле Слаўскага (SP, 2, 44), утворана пры дапамозе з суф. ‑tʼ‑ ад прасл. *snaditi ‘злучаць, змацоўваць, прыладжваць’; параўн. яшчэ і стараж.-рус. снадь ‘паверхня, верх’. Аналагічна Праабражэнскі, 2, 344; Фасмер, 3, 696–697. Праславянскі дзеяслоў не мае пэўнай этымалогіі. Лічаць роднасным снадны, снадзь (гл.). У якасці паралеляў прыводзяць таксама лат. snāt ‘нямоцна скручваць’, ст.-ірл. snáthe ‘ніць’, ст.-англ. snód ‘павязка на галаву’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 973- 974; Фасмер, тамсама; ЕСУМ, 5, 333.