Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Суд ’орган для разгляду судовых спраў’, ’судовы працэс’, ’думка, меркаванне’ (ТСБМ, Пас., Байк. і Некр.), ’суд (судовы орган і працэс)’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’лёс, наканаванне’: nie toj ŭmiraje chto chud, da toj kamu sud (Пятк. 2), ст.-бел. судъ ’судовая ўстанова, інстанцыя’, ’судовы акт, прысуд’, ’судовы працэс’, ’цяжба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), ’тс’, ’меркаванне’ (Альтбаўэр). Укр., рус. суд, стараж.-рус. судъ, польск. sąd, в.-луж., н.-луж. sud, чэш. soud, славац. súd, серб.-харв. су̑д, славен. sọ́d ’суд, прыгавор’. балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъ ’суд, судовы працэс, прыгавор, рашэнне, справядлівасць’. Прасл. *sǫdъ, якое з *som‑ і і.-е. кораня *dhē‑ ’класці, ставіць’ (гл. дзеяць), параўн. блізкае ст.-інд. samḍhiṣ, samdhā́ ’дагавор, сувязь, аб’яднанне’, літ. samdà ’найманне, арэнда’, samdýti, sámdaũ ’наймаць’, гл. Мее, 162, 234; Траўтман, 48; Фасмер, 3, 794. З першаснага значэння ’складанне, злучэнне’, відаць, развілася далей ’складанне думак, унясенне прапаноў, устанаўленне думак, ацэнак, і г. д.’, адкуль з’явілася спецыялізаванае значэнне ’асуджэнне каго-небудзь, судовы працэс’ → ’тыя, хто вядзе судовы працэс, вырашае спрэчкі, суд’; гл. Борысь, 539. Іншая словаўтваральная мадэль у Бязлая (3, 283- 284): ад прасл. *sъ‑děti ’саставіць, злажыць’, параўн. славен. zdẹ́ti ’злажыць’, ст.-чэш. sdieti ’тс’. Шустар-Шэўц (1376) мяркуе, што корань ‑dъ у славянскім слове меў і значэнне ’гаварыць’, параўн. в.-луж. стар. dzieć, н.-луж. źaś, чэш. díti ’гаварыць’, адкуль *sǫdъ ’прыгавор’ з ’што-небудзь сумесна абмеркаванае і аб’яўленае (выказанае)’. Менш верагодная версія Семерэньі (гл. Шустар-Шэўц, там жа) аб сувязі *sǫdъ з лат. censeo < і.-е. *kendh‑ ’судзіць, даваць ацэнку’, што падтрымлівае Махэк₂ (568); супраць Трубачоў (Ремесл. терм., 236), які падкрэслівае адзіную крыніцу паходжання *sǫdъ ’суд’ і *sǫdъ ’су́д(ы)’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 64–66) звязвае з асновай прасл. *sědti, *sędǫ ’сесці’; таксама Ондруш, Этимология–1984, 178. Гл. яшчэ Сной, 590; ЕСУМ, 5, 467; ESJSt, 14, 861–862.

Судава́ць ’абмяркоўваць, радзіцца’ (Сл. ПЗБ). Гл. судзіць.

Суда́к1 ’рыба сямейства акунёвых, Lucioperca lucioperca L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС, Меер Крыч.; полац., З нар. сл., Жыв. св.). Укр., рус. су́дак, ст.-рус. судокъ, польск. sandacz, sędacz (XVI ст.), чэш. candát, дыял. sandát. Махэк₂ (81) рус. і ўкр. словы лічыць запазычаннямі з польскай. Брукнер (481) польскае выводзіць з ням. Zander, с.-н.-ням. sandāt. Аднак н.-в.-ням. Zander, паводле Клюге-Гётце (702 і наст.), Беке (JF, 52, 138), само запазычана са славянскага. Каламіец (Рыбы, 113–117) прыходзіць да высновы пра славянскае паходжанне назвы, якая павінна разглядацца як субстратная з няяснай этымалогіяй, што ўзгадняецца з меркаваннямі Махэка (там жа) адносна “праеўрапейскага” паходжання слова.

Судамы́я ’асоба, што іншых абмаўляе’, судамы́іць ’абгаворваць’ (Варл.). Укладальнік слоўніка звязвае з судзіць ’абгаворваць’ і мыць ’паласкаць’: sudzie i myje jazykom (там жа), што можа ўспрымацца як народнаэтымалагічнае тлумачэнне, параўн. рус. судомо́йка ’пасудамыя; хвашчанка (для мыцця пасуды)’, гл. судзіна, суды. Не выключана сувязь з судо́м (гл.), аргат. судо́міць ’судзіць’ (Веснік БДУ, 1994, 4, 48), параўн. рус. дыял. судомить ’лаяць’.

Су́дарга ’сутарга’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Станк.), су́дорга ’тс’ (ТС), су́дырга ’тс’ (Бяльк.); з адсячэннем ‑га су́дар ’сутарга’ (Шат., Бір. Дзярж.; віл., Сл. ПЗБ; дзярж., З нар. сл.), су́т(а)ргі ’корчы, кіданне’ (Некр. і Байк.). Укр. су́дорга ’сутарга’, дыял. су́дорога ’рабізна на вадзе ад хуткага цячэння’ (Чарапанава, Геогр.), рус. су́дорога ’сутарга’, дыял. су́дорга ’тс’. Рус. і ўкр. словы ўзводзяцца да су- і *drъgati ’торгаць’, параўн. дзёргаць (Нас.), укр. дергати, рус. дёргать, параўн. літ. sudìrgti ’раззлавацца’; Міклашыч, 42; Брукнер, KZ, 48, 216; Фасмер, 3, 796. Гл. сутарга. Меркаванне пра запазычанне з рускай або ўкраінскай моў у кантактных зонах мае неабавязковы характар, паколькі магчыма азванчэнне ‑т‑ у сутарга ў інтэрвакальным становішчы. Варбат (Слав. языкозн., VII, 105) для беларускіх і ўкраінскіх слоў узнаўляе прасл. *sǫdьrga, для рус.*sǫdorga.

Судасі́ць, судаша́ць. Гл. судосіць1.

Суда́чыць ’гаварыць, гаманіць’ (Сл. ПЗБ), ’абгаворваць’ (Сержп. Прымхі). Па лінгвагеаграфічных прычынах малаверагодна запазычанне з рус. суда́чить ’гаманіць, абмяркоўваць’; хутчэй ад *судакаць, суадносным з судзіць, гл.; параўн. рус. суда́каць ’тс’ (выводзіцца з суда́к ’дрэнны суддзя’, гл. Праабражэнскі, 2, 413; Фасмер, 3, 795).

Судаша́ць. Гл. судосіць1.

Суддзя́ ’службовая асоба ў судзе, якая выносіць прыгавор’, ’чалавек, які выказвае суджэнне, думку’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шымк. Собр.), судзья́, судзя́ ’суддзя; хто знеслаўляе, ганьбіць’ (Сл. ПЗБ), судзья́ ’суддзя’ (ТС), ст.-бел. судья ’тс’ (XIV ст., КГС). Укр. суддя́, рус. судья́, стараж.-рус. судіꙗ, суди, судии, ст.-польск. sędziá, чэш. sudí, серб.-харв. су́дија, славен. sọdij, балг. съдия́, макед. судија, ст.-слав. сѫди, сждии. Прасл. *sǫdьji — назва выканаўцы дзеяння ад *sǫditi, гл. судзіць (Борысь, 542).

Су́джаны ’прызначаны лёсам’ (Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі, Бяльк.), су́джоны ’тс’ (ТС), су́жаный (суженый) ’тс’ (Нас.), сужо́нко ’нарачоны, у дзень шлюбу — малады’ (Тур.), су́жанка ’вызначаная лёсам’ (Гарэц.). Ад судзіць ’прызначаць, прадвызначаць’, гл. таксама сужэнства.