Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Су́здалі ’здалёк’ (Нас.). З су-, з‑ і наз. даль (гл.) у Р. скл.

Су́здаль ’высокі нязграбны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), су́здыль ’сухі, танклявы чалавек’ (Бяльк.). Няясна; магчыма, аддзеяслоўны дэрыват ад суздо́ліць < здо́лець (гл.); першапачаткова, верагодна, у іранічным ужыванні. Трубачоў (Труды 1, 304) лічыць выпадковым фармальнае супадзенне з назвай горада рус. Суздаль (для якой прапануецца этымон *суздаль ’глінабітнае або цаглянае збудаванне’, параўн. ст.-слав. създати ’збудаваць’) і мяркуе пра балтыйскае паходжанне з формы, блізкай да літ. sausuõlis ’сухое дрэва’, што таксама няпэўна. Не выключаю ўтварэнне на базе шырока вядомых на ўсходзе Беларус! назваў гандляроў-разносчыкаў суздала, суздальцы, што паходзілі ад назвы горада.

Суздо́ліць ’перамагчы, адолець’ (Нас., Гарэц., Юрч.), ’быць у сілах’ (Нас.). Гл. здолець.

Суздро́м ’цалкам, як ёсць; разам’ (Нас., Гарэц.; слуц., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Мат. Гом.), ’хутка, адразу’ (Сцяшк.), су́здрам ’зусім, поўнасцю’ (Ласт.), сюды ж суйздром (з няясным значэннем, Ц. Гартны), суздро́мны (суздромныя ніткі, лён), ’лён пасля апрацоўкі церніцай’, ’ніткі без дадатковай апрацоўкі’ (Ян.), ’лён, абчэсаны на грэбень’ (гом., Нар. сл.), ’зроблены, пашыты з грубага палатна’ (Нар. Гом.). Прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. *суздро (Карскі 2-3, 75 без зыходнай формы), якое ад су- і *здро ’зрок’, з устаўным ‑д‑, параўн. польск. do zdra ’зусім, цалкам’, г. зн. ’з усім, што пападае ў поле зроку’, адкуль ’ніткі, валакно, поўнасцю апрацаваныя’. Параўн., аднак, укр. аргат. з уздром, с потрухом ’цалюсенькі’ (Горбач, Арго, 169), гл. ву́здро, у́здор, здро. Няясна, як беларускія словы суадносяцца з рус. дыял. создо́м ’часта дыхаючы; хутчэй, адразу, зусім, цалкам’; якое Варбат узводзіць да *zьd‑ з прэфіксам *sъ‑ паводле польск. zidki ’хуткі’ (Этим. иссл., 1988, 64).

Су́здрыць ’здагадацца, зразумець’, су́здрыцца ’падумацца’ (астрав., Сл. ПЗБ). З *сузрэць з устаўным ‑д‑; параўн. суздром.

Су́зік ’пылюшнік вузкалісты, Thalictrum angusfolium Jacq.’, су́зіц ’тс’ (Кіс.), укр. су́зик ’пылюшнік; дзікая пятрушка; піжма’, у́зик ’дзікая пятрушка’, рус. су́зик ’пылюшнік; піжма’. Няясна. Мажліва, ад вузкі, першапачаткова адносілася да пылюшніка вузкалістага (ЕСУМ, 5, 469).

Су́зма ’нахабна’: сузма лізуть у вочы (камары) (пін., ЖНС). Няясна; магчыма, перасэнсаваны як прыслоўе на ‑ма, параўн. бегма (ад бегчы), роўма (ад раўсці), назоўнік сы́зма (гл.): як сызма лезе ў вочы, г. зн. сляпіцай (лід., Сл. ПЗБ), верагодна, праз стадыю сы́змаю (лезе ў вочы).

Сузо́к ’мыс’ (Ласт.). Рус. пск., цвяр. сузо́к ’мыс’. Да уз‑ (гл. вузкі) з прыст. с‑ і суф. ‑ок. Параўн. суга ’тс’, гл.

Сузо́рак ’ножык, складанчык’ (Касп.). Да сцызорык (гл.), пачатак слова зменены, каб пазбегнуць непажаданых асацыяцый з дзеясловам сцаць, гл. Параўн. сызорак, цызорык, гл.

Сузо́р’е ’ўчастак зорнага неба, група зорак, аб’яднаных агульнай назвай’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Да су- і зара, зорка; калька т. зв. еўрапейскіх культурных слоў, параўн. укр. сузі́рʼе ’тс’, рус. созве́здие, чэш. souhvězdí, славац. súhvezdie, славен. sozvezdje, серб.-харв. са̀звежђе, балг. съзве́здие, макед. созвездие, што калькуюць лац. constellatio ’ўзаемнае размяшчэнне нябесных цел’. Гл. ESSJ SG, 1, 240; Борысь, Prefiks., 117. Да семантыкі параўн. польск. gwiazdozbiór ’тс’.