Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Су́та (су́то) ’многа, багата’, ’туга’, ’вельмі’, су́ты ’падвойны’, ’вельмі задаволены, дастатковы’ (Нас.). Укр. су́то ’зусім, чыста, поўнасцю’, сут ’вялікая колькасць’, су́тий ’сапраўдны; багаты’, рус. су́то ’многа, вельмі’, польск. suto ’ў вялікай колькасці, багата’, suty ’багаты, вялікі, шчодры’, чэш. suty ’ссыпаны, вымалачаны (пра збожжа)’, ’поўны’. Ад старога залежнага дзеепрыслоўя прош. ч. *сутъ, утворанага ад прасл. *suti, *sъpǫ, дзеяслова з іншай ступенню чаргавання да *sypati ’сыпаць’; першаснае значэнне ’насыпана поўна’ (Фасмер, 3, 811; Борысь, 588; Брукнер, 524). Ст.-бел. су́тый ’багаты, шчодры’ Булыка (Лекс. запазыч., 195) выводзіць са ст.-польск. suty ’тс’ (XVII ст.), што няпэўна.

Су́талака ’штурханіна, таўкатня’ (Нас.), ’мітусня, беганіна’ (Ласт., Цых.), су́талка ’тс’ (Юрч.), су́талач ’зброд, галота’ (Нас.), ’зборышча жулікаў, навалач’ (Цых.). Укр. дыял. су́толока ’таўкатня; несуладны рух’, рус. су́толка, су́толока ’тс’, су́толочь ’тс’. З су- і *tъlk‑, *tolk‑ ’штурхаць’ (параўн. талака); гл. Фасмер, 3, 811. Спецыяльна Борысь (Prefiks.), які ўзнаўляе прасл. *sǫtolka, *sǫtolčь як дэвербатывы ад *sъ‑telkti (гл. таўчы, таўчыся); першапачаткова адносілася да калектыўнай працы, гл. Мяркулава, Этимология–1974, 72 і наст.

Сута́на ’верхняе адзенне каталіцкага святара’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Цых.). З польск. sutan(n)a ’тс’, запазычанага ў канцы XV ст. з італ. sotanna ’спадніца, ніжняе адзенне’ ад sotto ’пад’, магчыма, праз франц. soutane ’раса’, першапачаткова ’доўгае адзенне з вузкімі рукавамі’, на якое зверху апраналі іншае (Брукнер, 527; Длугаш-Курчабова, 477). Ст.-бел. сутана ’тс’ (1686 г.) з польск. sutana ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 183).

Сутане́ць. Гл. сутонне.

Су́тарга ’рэзкае скарачэнне мышц’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’канвульсія, сударга, эпілепсія’ (Ласт.), су́торга ’тс’ (ТС), суторга ’цік?’: на абодвух ачох суторга скачэ (Полымя, 2001, 3, 253), су́таргі ’торганне, спазмы’ (Некр. і Байк., Ласт.), су́тарж ’сударга’ (Ласт.). Вытворныя з су- ад торгаць (гл.), параўн. сударга.

Су́тарма ’таўкатня, вялікая колькасць народу; сумяціца’ (Нас., Гарэц.), ’нелады, непарадак’ (Бяльк.), ’мітусня; непарадак’, ’вялікае скопішча людзей’ (Растарг.), ’праява, нейкая жывая істота’ (Косіч). Рус. калым. сутурма́, усх.-рус. су́торма, варонеж. суто́рьма ’тс’. Паводле Фасмера (3, 811–812), з *sǫ‑ ’су’ і *torьma, *toriti, параўн. су́торитъ ’малоць лухту’ (гл. су́тарыца), звязаныя з літ. tarýti, taraũ ’вымавіць’, tarmẽ ’гаворка’, грэч. τορός ’выразны, зразумелы; пранізлівы’.

Су́тарыца ’мітусня, бязладная бегатня’, су́тарыцца ’мітусіцца’, су́тарны ’мітуслівы’ (Ласт.). Параўн. укр. су́торатися, рус. су́ториться ’спрачацца’, польск. posątorzyć się ’паспрачацца’. Борысь (Etymologie, 582) адносіць сюды ж серб.-харв. sútor ’першы вечаровы змрок’ і рэканструюе прасл. *sǫtorъ (*sǫtora), вытворнае ад *ter‑ (гл. церці) з прыйменнай прыст. *sǫ‑, якой адпавядае прыдзеяслоўная прыст. *sъ‑ з першасным значэннем ’узаемнае трэнне, сутыкненне, спрэчка’, параўн. суты́ра (гл.). Гл. папярэдняе слова, таксама Фасмер, 3, 811.

Сутарэ́нне ’памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падзямелле’ (ТСБМ), ’склеп, лёх’ (Некр. і Байк.). Ад польск. suterena ’(жылы) падвал’, suteryna ’тс’, якія запазычаны з франц. souterrain ’падземны; падзямелле; падземны ход’ ад лац. subterraneus, якое складзена з sub‑ ’пад’ і terra ’зямля’ (SWO, 714; Голуб-Ліер, 459). Канец зменены пад уплывам блізкага па значэнню скляпенне, гл.

Су́тка, суто́к ’сасок, цыцка’ (Ласт.). Параўн. польск. sutka, sutek ’тс’, sutki ’грудзі’, якія Брукнер (527) параўноўвае з балг. су́ча ’ссаць’, лат. sukt ’тс’, ад кораня *su‑, прадстаўленага ў ст.-інд. sunoti ’выціскае’. Борысь (588) не выключае магчымай сувязі з і.-е. *seu̯‑/*su‑ ’сок, выціскаць сок, хлябтаць, ссаць, высмоктваць’, аднак не бачыць працягу ў славянскім матэрыяле. Адзінкавая фіксацыя прымушае меркаваць пра магчымае запазычанне з польскай.

Суткі1 ’адзінка вымярэння часу, роўная 24 гадзінам; дзень і ноч’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Сл. ПЗБ), су́дкі ’тс’ (Нас., Арх. Вяр., ТС), су́тка ж. р. ’тс’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́тки ’тс’. З су- і *тъка, якое звязана з тыкаць, першапачаткова ’сутыканне дня і ночы’; гл. Фасмер, 3, 811 з літ-рай. Бузук (Асн. пыт., 58) мяркуе пра першаснае значэнне ’змярканне’, ’пярэдні кут у пакоі’: спалучэнне часавага і прасторавага значэнняў (гл. наступнае слова).

Су́ткі2, су́тачкі ’вузкі прамежак паміж будынкамі, хатай і плотам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ЛА, 5, ТС), ’вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (брэсц., пін., люб., ЛА, 4), ’сцежка, дарожка паміж пабудовамі, агароджамі’ (гом., ЛА, 5), ’вузенькі пакойчык, старана ў гумне’ (брэсц., ЛА, 5; ТС, ПСл), ’дрывотнік’ (Мат. Гом.); іншыя варыянты: су́дкі (ТС), сутка́, су́тачкі (Сцяшк. Сл.), су́тачкі, су́дачкі, су́ткі, сутке́, су́дкі (Сл. ПЗБ), су́дачкі (Сл. Брэс.; стаўб., З нар. сл.), су́тачкі (Байк. і Некр.), суто́чка ’месца злучэння бэлек у сцяне’ (Бяльк.), суто́к ’дарожка паміж сценамі будынкаў’ (Яшк.). Укр. дыял. су́тки, су́точки ’вузкі праход паміж будынкамі або платамі’, ’цесная нізіна’ (Чарапанава, Геогр.), рус. наўг. су́тки ’вуглы ў хаце’, польск. sutka, sutki ’цесны праход паміж будынкамі’ (з усходнеславянскіх моў), чэш. дыял. soutka ’вузкі праход’, soudička ’вузкая вуліца’. Прасл. дыял. *sǫtъka ’стык чаго-небудзь’, ад прасл. *tъkǫ < *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’тыкнуць’ з прыст. *sǫ‑ (гл. тыкаць) (Фасмер, 3, 811; ЕСУМ, 5, 485; Махэк₂, 568). Уключэнне сюды ж славен. sot ’горная дарога’, роднаснага ст.-ірл. sēt ’дарога’ (Бязлай, Eseji, 143), а таксама славац. suteska ’вузкі праход паміж высокімі крутымі скаламі’, серб.-харв. су̀тјеска ’вузкая горная цясніна’ (Талстой, Лексика Пол., 12) патрабуе далейшага абгрунтавання, гл. Куркіна, Этимология–1988, 98. Борысь (Prefiks., 107–108) разглядае як дэрыват (nomen actionis > nomen acti) ад прасл. *sъ‑tъknǫti ’сутыкнуць’.