Суткі1 ’адзінка вымярэння часу, роўная 24 гадзінам; дзень і ноч’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Пятк. 2, ТС, Сл. ПЗБ), су́дкі ’тс’ (Нас., Арх. Вяр., ТС), су́тка ж. р. ’тс’ (воран., Сл. ПЗБ). Укр., рус. су́тки ’тс’. З су- і *тъка, якое звязана з тыкаць, першапачаткова ’сутыканне дня і ночы’; гл. Фасмер, 3, 811 з літ-рай. Бузук (Асн. пыт., 58) мяркуе пра першаснае значэнне ’змярканне’, ’пярэдні кут у пакоі’: спалучэнне часавага і прасторавага значэнняў (гл. наступнае слова).

Су́ткі2, су́тачкі ’вузкі прамежак паміж будынкамі, хатай і плотам’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ЛА, 5, ТС), ’вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (брэсц., пін., люб., ЛА, 4), ’сцежка, дарожка паміж пабудовамі, агароджамі’ (гом., ЛА, 5), ’вузенькі пакойчык, старана ў гумне’ (брэсц., ЛА, 5; ТС, ПСл), ’дрывотнік’ (Мат. Гом.); іншыя варыянты: су́дкі (ТС), сутка́, су́тачкі (Сцяшк. Сл.), су́тачкі, су́дачкі, су́ткі, сутке́, су́дкі (Сл. ПЗБ), су́дачкі (Сл. Брэс.; стаўб., З нар. сл.), су́тачкі (Байк. і Некр.), суто́чка ’месца злучэння бэлек у сцяне’ (Бяльк.), суто́к ’дарожка паміж сценамі будынкаў’ (Яшк.). Укр. дыял. су́тки, су́точки ’вузкі праход паміж будынкамі або платамі’, ’цесная нізіна’ (Чарапанава, Геогр.), рус. наўг. су́тки ’вуглы ў хаце’, польск. sutka, sutki ’цесны праход паміж будынкамі’ (з усходнеславянскіх моў), чэш. дыял. soutka ’вузкі праход’, soudička ’вузкая вуліца’. Прасл. дыял. *sǫtъka ’стык чаго-небудзь’, ад прасл. *tъkǫ < *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’тыкнуць’ з прыст. *sǫ‑ (гл. тыкаць) (Фасмер, 3, 811; ЕСУМ, 5, 485; Махэк₂, 568). Уключэнне сюды ж славен. sot ’горная дарога’, роднаснага ст.-ірл. sēt ’дарога’ (Бязлай, Eseji, 143), а таксама славац. suteska ’вузкі праход паміж высокімі крутымі скаламі’, серб.-харв. су̀тјеска ’вузкая горная цясніна’ (Талстой, Лексика Пол., 12) патрабуе далейшага абгрунтавання, гл. Куркіна, Этимология–1988, 98. Борысь (Prefiks., 107–108) разглядае як дэрыват (nomen actionis > nomen acti) ад прасл. *sъ‑tъknǫti ’сутыкнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)