Су- — прыстаўка. Пры ўтварэнні іменных часцін мовы абазначае сумеснасць, саўдзел (субясе́днік, сунайма́льнік), сукупнасць, зборнасць (сузо́р’е, сукве́цце), падабенства ці няпоўную адпаведнасць у адносінах да прадмета або з’явы, выражанай у асноўвай частцы слова (сугле́й, суглі́нак, супе́сак), суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (сугу́чны, суразме́рны), збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе (суча́сны, суме́жны), унутранае адзінства чаго-небудзь (суцэ́льны); пры ўтварэнні дзеясловаў абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-небудзь (суіснава́ць, сумясці́ць). Прыіменная прыстаўка; у некаторых славянскіх мовах вельмі рана пачала змешвацца з прэфіксам *sъ‑ (гл. с‑, са‑, з‑), параўн. укр., рус. су‑, со‑, польск. są‑, ст.-чэш. sú, чэш. sou‑, славац. su‑, в.-луж., н.-луж. su‑, славен. so‑, серб.-харв. су‑, са‑, балг. су‑, съ‑, макед. са‑, со‑, ст.-слав. сѫ‑, соу‑ (сѫпрѫгъ, сѫсѣдъ, соумракъ). Прасл. sǫ‑ этымалагічна адпавядае прыстаўцы *sъn‑ або *sъ‑ у дзеясловах (гл. з‑). Праславянскае з першаснага *som‑, роднаснае ст.-прус. san‑ — прыстаўка пры назоўніках, sen — прыназоўнік, літ. sán‑/sam‑, są‑, гоц. sama‑, ст.-інд. sam‑, sa‑, авест. ham‑, ha‑, арм. ham‑. Гл. ESSJ SG, 1, 240; 254–255; Фасмер, 3, 791 з літ-рай; Бязлай, 3, 281; Борысь, 539; Махэк₂, 534; ЕСУМ, 5, 461. Пазней су‑ з дзеясловаў, утвораных ад назоўнікаў з прыстаўкай су‑ тыпу суседзіць < сусед, распаўсюдзілася на іншыя дзеясловы і зрабілася словаўтваральнай дзеяслоўнай прыстаўкай; гл. Борысь, Prefiks., 146–148. Заўважна тэндэнцыя пашырэння прыст. су‑ ў запазычаннях з рускай мовы замест прыст. са‑ са значэннем сумеснасці, якія ўспрымаюцца як калькі-пераклады з рускай мовы (Садоўскі, Беларусіка, 19, 231).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)