Суці́нкі ’змрок, прыцемак’ (Нар. Гом.). Гл. сутон.
Суцы́ль ’дачышчаны лён’ (Касп.), суцэ́ль прысл. ’цалкам, нічога не адзяляючы’ (Нас., Байк. і Некр.). Да цэлы. Паводле Борыся (Prefiks., 129), прасл. усх. *sǫcělь < прасл. *cělъ.
Суць ’сэнс’ (Бяльк.), су́тны ’існы, істотны’ (Некр. і Байк.), су́тнасць ’самае істотнае, асноўны сэнс’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк.), ст.-бел. суть ’яны ёсць’: што в нем суть (1432 г., Карскі, 2- 3, 473), дзеепрысл. ’будучы’: што ныне живи суть (1264 г.; Карскі 2-3, 472), дапаможны дзеяслоў быць у 3 ас. мн. л. цяп. часу: пошли суть были на воину (Скарына). Параўн. укр. суть ’сутнасць, асноўны сэнс’, су́тий ’сапраўдны’, рус. суть ’сутнасць, асноўны змест’, стараж.-рус. сутьство ’існасць, сутнасць, прырода’, што ўзніклі кніжным шляхам з формы 3 ас. мн. л. цяп. часу дзеяслова быти ’быць’, параўн. польск. są, чэш. jsou, ст.-чэш. jsù, славац. sú, в.-н.-луж. su, серб.-харв. су, јѐсу, славен. so, балг. са, макед. се, дыял. сет, ст.-слав. сѫть, роднасныя лац. sunt ’тс’ (Фасмер, 3, 812; ЕСУМ, 5, 485; Німчук, Давньорус., 15; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 348).
Суцэ́льны ’які цягнецца без прамежкаў, перапынкаў’, ’зроблены з аднаго кавалка, не састаўны’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк.). Укр. суці́льний, рус. дан. суце́льный ’тс’. Паводле Трубачова (Праспект, 79), узыходзіць да прасл. дыял. *sǫcělьnъjь ’тс’. Да цэлы, гл.
Суця́га ’той (тая), хто займаецца суцяжніцтвам, хто бесперапынна судзіцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг.), ст.-бел. сутяжий ’той, хто мае ў судзе цяжбу з кім-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. укр. сутя́га ’тс’, рус. сутяга ’тс’, чэш. soutěž, славац. súťaž ’спаборніцтва, конкурс’. Утворана пры дапамозе прыстаўкі су- ад асновы *tęg‑, гл. цягаць, цягнуць (Фасмер, 3, 812; ЕСУМ, 5, 486).