Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Суважа́ць (suważaci) ’спачуваць’ (Тур.): stała ziaziulka suważaci (клец., Федар. 7). Няясна; паводле кантэксту, хутчэй ’суцяшаць’, параўн. разважаць (гл.) ’рассейваць трывогу, суцяшаць’ (Нас.).

*Сува́лак, сува́лок, сова́лок ’сувой, трубка палатна’ (Сл. Брэс., Уладз., ЛА, 4). Параўн. этымалагічна падобныя ст.-польск. swlak, swłak ’павітуха, Convolvulus L.’, ст.-чэш. svlak, серб.-харв. svlak ’тс’, балг. съ́влак, со́влак ’паўзучая расліна’, для якіх рэканструюецца праформа *sъ‑vol‑kъ адпаведна лац. con‑volv‑ulus (< convolvō), што дае падставы разглядаць гэтыя назвы як утвораныя ад кораня *volv‑ ’віць, абвіваць’ (Махэк₂, 597; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 353). Да валіць, валяць ’скручваць, звіваць у адно’, гл. валіць2. Параўн. сава́лак ’кавалак апрацаванай гліны’ (віц., БЛ, 18, 62), рус. дыял. су́вылык ’пакулле’, гл. Фасмер, 3, 793.

Су́валака ’пакулле’ (Нас., Касп., Юрч.), ’вяроўка’ (Нар. Гом.), ’маніцы’ (Гарэц.), су́волока ’пырнік, Agropyron repens L.’ (іван., пін., ЛА, 1). Параўн. рус. су́волока ’зброд’, ’пустазелле; дрэнныя каноплі, якія пакідаюцца на полі’. Ад су- і валачыць, валаку; параўн. су́валач ’адыходы пры апрацоўцы лёну мяліцай’ (барыс., Жд. 1). Насуперак Фасмеру (3, 793) цяжка аддзяліць ад формаў з сінкопай су́валка ’рэшткі валакна пасля трапання льну, канапель’, ’блытанае валакно’ (Бяльк.; ушац., Шатал.), ’пакулле’ (Яруш.), ’сухія карэнні, пырнік’ (паст., ЛА, 4), ’высахлыя расліны, якія зграбаюць восенню з агародаў’ (Растарг.), сува́лка ’рэшткі льну, якія застаюцца пасля апрацоўкі яго ў церніцы’ (докш., Гіл.), су́волка ’вельмі тоўстыя ніткі’ (ТС). Параўн. рус. су́валка ’ачоскі (льна, канапель)’, паводле Фасмера (там жа), ад валитъ (гл. валіць2). Борысь (Prefiks., 95) на аснове балцкіх адпаведнікаў, параўн. літ. są́valkos ’тое, што разам сцягнулі; галота, зброд’, узнаўляе прасл. дыял. *sǫvolka: *sъvelkti ’звалачы, сцягнуць’.

Сува́лка ’пырнік, карэнне пырніку’ (Сцяшк. Сл.; мядз., глыб., Сл. ПЗБ), су́валка ’тс’ (ЛА, 1), су́волока ’тс’ (там жа) з адаптацыяй да поўнагалосся. Паводле Сл. ПЗБ (там жа), з літ. sùvalka ’тс’, што ў сувязі з папярэднім словам (гл.) падаецца сумніўным. Параўн. сувалак, гл.

Су́варата ’балота, зарослае кустамі’ (уздз., Сл. ПЗБ), ’алешнік’ (уздз., ЛА, 1), сувараты ’хмызняк’ (Сержп. Казкі). Паводле аўтараў Сл. ПЗБ, — з літ. sùvarta ’тс’, аднак нельга выключыць і магчымасць семантычнага развіцця (’канец поля’ — ’зараслі’) наступнага слова, гл.

Су́вараты ’частка поля, сервітут’ (Сержп., Грам.), су́вороты ’папярочныя разоры на канцах нівы’ (пін., Нар. лекс.), су́вороты ’канец ворнай паласы, дзе разварочваецца плуг’ (стол., Выг.), су́варат, су́варата ’заварот у канцы загона’ (ЛА, 2). Да су- і ворат: вараціць (гл. варочаць), параўн. суварат ’яма ад выварачанага з коранем дрэва’ (Нар. Гом.), чэш. дыял. súvraťi ’паварот’.

Сува́ць ’соваць, піхаць’ (Нас., Бяльк.). Ад соваць (гл.) пад уплывам формаў зак. тр., гл. сунуць.

Суве́й ’гурба снегу, сумёт’ (ТСБМ, Шатал., Сл. ПЗБ; ЛА, 2), ’мяцеліца’ (чэрв., Нар. лекс.). Да су- і веяць (гл.).

Сувені́р ’памятная рэч’ (ТСБМ). Запазычана праз рус. сувенир ’тс’ з франц. souvenir < se souvenir ’успомніць, успамінаць’.

Су́верцень ’скрутак, трубка’ (калінк., Сл. ПЗБ), сувертні́ ’сувой’ (ЛА, 4), суве́рт ’скрутак лыка’ (бяроз., Шатал.), су́вертак ’тс’ (Мат. Гом.), сувэ́рток ’скрутак лык’ (пруж., ЛА, 4), суве́рток ’скрутак пакроеных лык’ (ТС), суве́ртык ’тс’ (Бяльк.), су́вертка ’закрутка пры аглоблях у санях’, ’калок, якім скручваюць вяроўку, якая прытрымлівае дровы на возе’, суверто́к ’дрэва са спіральна скручанымі слаямі’ (Нас.). Укр. су́вертень, су́верток ’скрутак’, рус. су́верток ’тс’. Дэрываты ад прасл. *sъ‑vŕ̥(t)nǫti (гл. вярцець) ’скруціць’ з менай дзеяслоўнай прыстаўкі *sъ‑ на *sǫ‑; гл. Борысь, Prefiks., 111.