Во́рат ’дзірка ў мяху, праз якую насыпаюць што-небудзь’ (Нас.); ’каўнер’ (Бяльк., Грыг., КЭС, віц.); ’каўнер, прарэх’ (Шатал.). Рус., укр. во́рот ’каўнер’, ст.-рус. воротъ ’шыя’, ст.-слав. вратъ, балг. врат, серб.-харв. вра̑т, славен. vrȃt ’шыя’, польск. wrot ’вяртанне’, в.-луж. wrót ’паварот’. Звязана чаргаваннем з вярцець (Фасмер, 1, 354). Прасл. vortъ — аддзеяслоўнае ўтварэнне ад vortiti (гл. варочаць), першапачаткова Nomen actionis ’паварот, тое, што варочаецца’ (Брукнер, 632; Скок, 3, 618 і наст., Шанскі, 1, В, 167 і наст.). У бел. мове значэнне ’каўнер’, калі меркаваць па лакалізацыі, магчыма, пад рус. уплывам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)