Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ска́ба ‘рабро’ (ТСБМ, Ласт., Варл., Сцяшк.; навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ‘рабро кошыка’ (Сл. ПЗБ), ска́бы ‘рэбры, рэберная частка тушы’ (Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр., Шн. 2), ска́бка ‘раберца’ (Шат.), ска́бкі ‘рэберныя кавалкі’ (Шн. 3), ска́біна ‘рабро’ (Нас., Бір. дыс., Янк. Мат.), ска́бʼя ‘тс’ (З нар. сл.), скабуры́на ‘рабро ў свіней, авечак’ (гродз., Жыв. сл.). Выключна беларускае. Мяркулава (Этимология–1983, 65) рэканструюе прасл. *skaba, *skaburina і ўзводзіць да кораня *skab‑ ‘драць, часаць, калоць’, параўн. літ. skõbti, skabiù ‘скрэсці, зрываць’. Сюды ж яна адносіць бел. шкаба (гл.), польск. chaby ‘косці, якія тырчаць з-пад скуры’ і рус. скабри́стый ‘моцна зхуднелы’. Польскае слова Слаўскі (SP, 1, 58), аднак, выводзіць ад прасл. *chabъ ‘благі, слабы’, а Брукнер (483), разглядаючы польск. chaby ‘свіное мяса пры рэбрах’ ставіць пытанне аб магчымасці запазычання. Аб запазычанні думаў і Насовіч (Нас., 580) і параўноўваў беларускае слова з літ. skabs ‘рабро’, але ў слоўніках гэта слова не адзначана. Карскі (Белорусы, 137) выводзіў з літоўскай мовы ска́ба ‘стрэмка, клін’, аднак слова са значэннем ‘рабро’ лічыў запазычаннем з польск. schab. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) узводзіць слова да літ. skobà ‘рабро’, параўн. яшчэ літ. skabís ‘востры’, skabèti ‘сячы, рэзаць’, лат. skabrs ‘востры’. Анікін (Опыт, 278) прапануе адрозніваць ска́ба ‘рабро’, якое лічыць балтызмам, і ска́ба ‘стрэмка, трэска’ (гл. скабка), што несумненна роднаснае скабліць, скобля (гл.). Астрэйка (АКД, 5) хоча бачыць у ска́ба, ска́бка, ска́біна ‘рабро’ семантычны балтызм, які разглядаецца як занальная намінацыя.

Скаба́1 ‘выгнуты металічны прут для злучэння чаго-небудзь, клямар’, ‘скобля’ (ТСБМ, ТС), ‘прыстасаванне, з дапамогай якога прымацоўваюцца кроквы да сцяны’ (Шушк.), ска́ба ‘ручка ў дзвярах’ (Растарг.). Укр. ско́ба ‘крук у дзвярах, прабой’, рус. скоба́ ‘тс’, серб.-ц.-слав. скоба ‘засцежка’, чэш., славац. skoba ‘планка, засаўка’, серб.-харв. ско̏ба, славен. skọ́ba ‘тс’, балг. ско́ба ‘скобка’, макед. скобичка ‘падкоўка (на падэшве)’. Прасл. *skoba ‘загнуты крукам прут, скобка’ да і.-е. *(s)kāmb‑ ‘крывіць, гнуць’. Роднасныя літ. kabė́ti ‘вісець’, kabė̃ ‘крук’, kablỹs ‘тс’, kìbti ‘чапляцца, вешацца’, лат. kablis ‘кручок, засцежка’ (Траўтман, 112). Далей параўноўваюць з лац. scamnum ‘услон’, ст.-інд. skabhnaā́ti ‘умацоўвае, падпірае’, грэч. σκαμδός; ‘крывы, сагнуты, выгнуты’; гл. Вальдэ-Гофман, 2, 487; Майргофер, 3, 507; Міклашыч, 300–301; Фасмер, 3, 643; Махэк₂, 546. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1290–1292; Сной₁, 573 (параўноўвае яшчэ з літ. sùkaba ‘крук, скобка’).

Скаба́2 ‘скапа, тушка Pandion haliaetus L.’ (Касп.; мазыр., ЛП). Укр. скаба́ ‘тс’. Параўн. укр. скобе́ць ‘птушка Accipiter gentilis’, рус. ско́бчик ‘ястрабок; перапёлачнік’, славен. skobec ‘арол, Falco haliaetos’. Лічыцца роднасным рус. ко́бец, ко́бчик ‘шулятнік’, якія, магчыма, гукапераймальнага характару; агляд версій гл. Фасмер, 2, 267–268. Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 120) адносіць сюды ж і рус. скопа (гл.); але ‑п‑ лічыцца няясным. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 260 (вынік дээтымалагізацыі скопа́, гл. скапа).

Скабапу́тра ‘падкіслены суп’ (даўг., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, з літ. skābputra ‘тс’.

Скабардзі́на ‘кашчэй (худы чалавек)’ (Касп.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) выводзіць з лат. skabardzîgs ‘востры, пранікаючы’ < skabar̂da ‘шчэпка, асколак, стрэмка’. Параўн. літ. skebérda ‘востры’; балтыйскія словы ўзыходзяць да кораня *skabh‑ ‘абрываць; скабліць’ (Траўтман, 262). У славянскіх мовах роднаснымі з’яўляюцца *skoblь, *skoblʼа і іх дэрываты; гл. Фрэнкель, 797, 799.

Скабёлка ‘струг’ (Касп.). Гл. ско́бля.

Скабза́цца ‘катацца па ільду’ (Касп.), параўн. укр. ско́бзатися ‘коўзацца’. Паводле ЕСУМ (5, 277), варыянт з s‑mobile, што ўзыходзіць да прасл. *skъlzati/*kъlzati (гл. коўзацца), параўн. рус. дыял. ско́лза́ть ‘коўзаць’, чэш. дыял. sklouzat se ‘коўзацца’, славац. sklzať sa ‘тс’, славен. дыял. skuzek ‘коўзкі, слізкі’. Б на месцы ў (< ), відаць, пад уплывам скабліць (гл.).

Скабі́ць ‘скрэбці (бульбу)’ (Мат. Гом.), магчыма, сюды ж (калі гэта не другаснае ўтварэнне) ска́біць ‘заганяць стрэмку’ (Нас., Байк. і Некр.), параўн. каш. skobʼic ‘здзіраць кару з дрэва’. Відаць, узыходзіць да прасл. *skobiti ‘скрэбці вострай прыладай’, роднаснага літ. skõbti ‘дзяўбсці, рваць, шчыпаць’, лац. scabere ‘драпаць’, ст.-в.-ням. scaban ‘тс’, ням. schaben ‘скрэбці, церці’, адносна якога выказваецца меркаванне пра яго страту ў славянскіх мовах яшчэ ў праславянскі перыяд (Варбат, Этимология–1971, 3). Гл. таксама SEK, 4, 281.

Ска́бка1 ‘стрэмка; трэска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Гарэц.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк., Юрч.; лельч., Арх. ГУ; Жд. 3), ска́ба ‘стрэмка, клін’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ска́біна ‘тс’ (Юрч.), сюды ж, відаць, скаба́ ‘худая жанчына’, скаба́чка ‘тс’ (Мат. Гом.). Укр. ска́бка, рус. кур., смал. ска́ба ‘тс’. Паводле Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), вытворнае ад дзеяслова з коранем *skob‑, мабыць *skobiti, роднаснага скобля, скабліць (гл.), які быў страчаны яшчэ на праславянскім узроўні (параўн. аднак скабіць, гл.). Падаўжэнне галоснага ў корані сведчыць аб праславянскай старажытнасці гэтага дэрывата. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) аб’ядноўвае ў прасл. *skaba значэнні ‘рабро, стрэмка, шчэпка; худы’ і ўзводзіць да прасл. *skab‑ (гл. ска́ба). Са скабліць звязваюць і іншыя аўтары; гл. Міклашыч, 301; Праабражэнскі, 2, 291; Фасмер 3, 630; параўноўваецца таксама з лат. skobar̂ga ‘стрэмка’, skobaiga ‘тс’, літ. skobti ‘зрываць яблык’ (Буга, Rinkt. 2, 307).

Ска́бка2, ска́біна ‘кропля тлушчу ў страве’ (Юрч.), параўн. славен. skȃba ‘тс’, харв. škȃble ‘тс’, ‘тлустая пляма’. Відавочна, да ска́бка1, г. зн. ‘нешта аддзеленае, адшчэпленае’. Параўн. яшчэ поўны паралелізм значэнняў у скалка1, скалка2. Куркіна (Диал. структура, 93) разглядае разам з скаба, скабка ‘трэска, стрэмка’, што да прасл. *skaba з другасным падаўжэннем каранёвай галоснай.

Скаблі́ць. Гл. скобла, скобля.

Скабу́рка ‘скарынка зямлі (замёрзшая, якая крышыцца)’ (мядз., Нар. словатв., Сцяц.). Дэрыват ад ска́ба (гл.) з суф. ‑урк‑, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 181–182. Мяркулава (Этимология–1983, 64–65) змяшчае гэтае слова ў гняздо дэрыватаў ад прасл. *skab‑; падрабязна гл. пад ска́ба. Параўн. скару́бак ‘скарынка, засохшы верх густой cтравы’ (гл.), што можа сведчыць аб зыходнай форме, у якой адбылася частковая метатэза зычных.

Скаварада́ ‘патэльня’ (ТСБМ; Касп., Мядзв., ТС, Сл. Брэс., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., З нар. сл., ЛА, 4), скаравада́ (Шатал., З нар. сл.), скараво́да (Бяльк.), скароўда́ (Сцяшк.), скварада́ (Сл. ПЗБ, Жыв. сл.), скаварэ́нда, скоўрада́ (Сл. Брэс.) ‘тс’. Укр., рус. сковорода́, ст.-рус. сковорода, польск. skowroda, н.-луж. škórodej, в.-луж. škorodej, ст.-чэш. skravada, skrovada, ст.-слав. сковрада ‘прылада для катавання’. Прасл. *skovorda, *skovordy, ‑ъve. Этымалогія няясная. Параўноўваюць з ст.-в.-ням. scart, ‑isan ‘кацялок, патэльня’, с.-в.-ням. scharte ж. р., schart м., н. р. ‘тс’; гл. Ільінскі, ИОРЯС, 24, 1, 114–115; Брандт, РФВ, 24, 176, Махэк₂, 548; Фасмер, 3, 644. Зычны ‑в‑ тлумачыцца ўплывам слав. *skvara (гл. скварыць) і роднасных. Супраць Семерэньі (ВЯ, 1967, 4, 14–15), які выводзіць славянскае слова з формы, блізкай арм. skavaŕak, перс. sukōra (sukurra) ‘міска, сподак, талерка’, крыніцай якіх ён лічыць грэч. σκεναρίδα, вытворнае ад σκεναριν ‘маленькая пасудзіна’. Спробы выдзеліць архаічны прэфікс ско‑ (sko‑) пры каранёвым ворд‑/вард‑ (< *vьrd‑) ‘жордка, прут’ (Куркіна, Этимология–1988–1990, 57–60) не пераконваюць па семантычных прычынах. Вытворныя ад скаварада: скаваро́днік, скаварадзе́нь ‘чапяла’, ‘блін або ляпёшка, спечаныя на патэльні, праснак’ (Шымк. Собр., Касп.).