Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ску́бці ‘шчыпаць’, ‘ашчыпваць’, ‘тузаць’, ‘дзерці’, ‘вырываць, адрываць’, ‘грызці (траву)’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Ян.), дыял. ску́бсці ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1; ашм., Стан.), скусць ‘тс’ (Нас., Бяльк.), скуба́ць ‘тс’ (Нас., Гарэц., Шат., Растарг.; ашм., Стан.; Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ). Укр. скубти́, рус. скубти́, ску́бсти, скуба́ть, польск. skuść, skubać, в.-луж. skobać, skubać, н.-луж. skubąś, чэш. skuhati, ст.-чэш. skústi, славац. škubať, серб.-харв. ску́псти, славен. skúbsti, балг. ску́бя, макед. скубе. Прасл. *skubti ‘скубці пер’е, птушку, воўну’. Роднаснае з літ. skùbti ‘спяшацца’, skubrùs ‘хутка’, гоц. af‑skiuban ‘адхіляць’, ст.-в.-ням. scioban ‘рухаць’, ст.-ісл. skúfa ‘рухаць, штурхаць’ і інш. Гл. Траўтман, 263; Покарны, 955; Скок, 3, 274; Фасмер, 3, 660; БЕР, 6, 806–807. Сной₁ (576) выводзіць ад і.-е. базы *skeu̯bh‑ ‘рабіць кароткія рухі’; гл. таксама Борысь, 556.

Скуго́ліць ‘жаласна быць, падвываць (пра жывёліну)’ (ТСБМ, Касп., Др.-Падб., Сцяшк., Мядзв., Інстр. 3), ‘тлуміць галаву, надакучаць’ (Сл. ПЗБ), ‘плакаць’ (Мат. Гом.), ску́гліць, скуглі́ць вішчаць (ТС, Ян., Сл. ПЗБ), скугіта́ць скуголіць (Шатал.), скугі́чыць ‘тс’ (Сл. ПЗБ), скуго́рыць ‘тс’ (Нас.). Укр. скугні́ти, скугота́ти ‘рохкаць’, скуго́лить ‘пішчаць, верашчаць’, ску́глить ‘выць’, рус. дыял. ску́горыць, скуго́лить, ску́гліть ‘тс’ і ‘ныць, скардзіцца’, чэш. skuhrati ‘ныць, хныкаць’, славац. skuhrať ‘скардзіцца’. Гукаперайманне, параўн. Махэк₂, 550; Фасмер, 3, 660. Першасная форма захавалася ў ску́гаць ‘скуголіць, вішчаць, кугакаць’ (ТС), пашыраная ў далейшым суф. ‑(о)лі‑, ‑іта‑, ‑ічы‑, ‑оры‑, якія характарызуюць інтэнсіўнасць дзеяння. Паколькі існуе рус. дан. ску́гор, чэш. skuhrač ‘скупы’, параўноўваюць яшчэ з літ. skaugé ‘зайздрасць’, skaugùs ‘завіслівы’, skaugéti ‘зайздросціць’, лат. skàuģis ‘зайдроснік, незычлівец’, skàust ‘зайздросціць, жадаць благога’; гл. Зубаты, AfslPh, 16, 413; Мюленбах-Эндзелін, 3, 876 і наст. Аб семантычнай мадэлі ‘ныць, скардзіцца’ → ‘скупы’ гл. Пятлёва, Этимология–1970, 214–215.

Скудзе́льніца ‘пралля, якая са сваёй работай прыходзіць да сябровак’ (стаўб., карэліц., Жыв. сл.), ‘папрадуха’ (навагр., дзярж., Нар. сл.). Да кудзе́льны < кудзеля (гл.) з суф. ‑іц(а); укр. куде́льна хижа ‘памяшканне, дзе бываюць вячоркі, дзе прадуць кудзелю’. Скудзе́льство ‘вячоркі’ (Сл. рэг. лекс.), мяркуючы па суфіксацыі (‑ств‑), можа быць паланізмам. Параўн. кудзельніцы ‘тс’, гл. Пачатковае с‑, відаць, ад першаснага с кудзеляй (ісці) або ў выніку збліжэння са старым скудзе́ль ‘гаршчок’ (ТСБМ).

Скуёўдзіць ‘моцна памяць’ (чавус., Нар. сл.), скуёўдзіцца ‘сагнуцца, скорчыцца’ (Растарг.), ‘збянтэжыцца, разгубіцца’ (Сцяшк. Сл.). Гл. куёўдзіцца, этымалагічна непразрыстае. З іншай суфіксацыяй параўн. скуёўчыць (бярэз., вусн. паведамленне С. Запрудскага).

Скуйна́ ‘ігліца’, ‘галінкі хвоі’, ‘месца, пакрытае ігліцай’ (гродз., Сл. ПЗБ), ску́віна ‘кастрыца ад ільну’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж скуётнік ‘хваёвыя і яловыя іголкі’ (навагр., Жыв. сл.). З літ. skujà ‘шыпулькі, ігліца’ (Сл. ПЗБ, там жа), з адаптацыяй пры дапамозе суф. ‑н(а), ‑ін(а). Форма скуётнік ад літ. skujótas ‘пакрыты ігліцай’. Літ. і лат. skujà роднаснае слав. хвоя; гл. Фрэнкель, 821; Мюленбах-Эндзелін, 3, 902; Зданцэвіч, LP, 8, 1960, 348.

Скукарэ́чаны ‘згорблены’ (Яўс.), скукару́чыцца, скукарэ́чыцца ‘згорбіцца, сагнуцца’, зняваж. ‘памерці (у курчу)’ (Нас.), скакаручыць ‘сагнуць’ (Наша слова, 1992, 19 жн.), скукарэ́жыць ‘скруціць, сагнуць’ (Барад.), Апошняе падобна на скаро́жыць (гл.), аднак, хутчэй за ўсё, тут азванчэнне зычнага ў зыходным кукарэ́чыцца ‘горбіцца, каробіцца, корчыцца’ (Нас., Касп.), якое Трубачоў (ЭССЯ, 13, 88–89) узводзіць да прасл. *kukurъ ‘горб’, вытворнага з ‑r‑ суфіксацыяй ад *kuka ‘крук’, параўн. кука2 (гл.).

Скукла́ць ‘з’есці, зжэрці’ (Нас.). Запазычанне з польск. skukłać ‘змяць; збіць, змардаваць’. Апошняе да kukłać < kukła, kukiełka ‘калач, рулет’ < лат. cucullus і cuculla ‘галаўны ўбор’ (Брукнер, 280). Іншага паходжання ску́кліць ‘нанізаць’ (паст., Сл. ПЗБ) ад ку́кла ‘звязка, нізка’.

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́ ‘косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulas ‘косць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schiel ‘трэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.

Ску́лачнік ‘мальва кучаравая, Malva crispa L.’ (Кіс., Дэмб. 1, Інстр. 2), тое ж ску́льнік (Нас., Гарэц.), ску́лашнік (Касп.), ску́лішнік (Бяльк.). Да скула (гл.), таму што лісце расліны як размякчальны сродак прыкладваецца да скул, нарываў. Магчыма, сюды ж скула́ — “гэта ў нас так водарасць завуць, зялёную, махнатую, з чырвонай верхавінкай ’ (У. Караткевіч, Маладосць, 1987, 1, 156).

Ску́лле ‘дэталь ткацкага станка’: скулляў трэба набіць многа (Мат. Гом.). Няясна. Відаць, тое ж, што і ўкр. ска́лля ‘клёпкі бочкі, цэбра’, ‘лучына, трэска’. Гл. ска́ла2.