Ску́бці ‘шчыпаць’, ‘ашчыпваць’, ‘тузаць’, ‘дзерці’, ‘вырываць, адрываць’, ‘грызці (траву)’ (ТСБМ, Касп., Шат., Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Ян.), дыял. ску́бсці ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1; ашм., Стан.), скусць ‘тс’ (Нас., Бяльк.), скуба́ць ‘тс’ (Нас., Гарэц., Шат., Растарг.; ашм., Стан.; Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ). Укр. скубти́, рус. скубти́, ску́бсти, скуба́ть, польск. skuść, skubać, в.-луж. skobać, skubać, н.-луж. skubąś, чэш. skuhati, ст.-чэш. skústi, славац. škubať, серб.-харв. ску́псти, славен. skúbsti, балг. ску́бя, макед. скубе. Прасл. *skubti ‘скубці пер’е, птушку, воўну’. Роднаснае з літ. skùbti ‘спяшацца’, skubrùs ‘хутка’, гоц. af‑skiuban ‘адхіляць’, ст.-в.-ням. scioban ‘рухаць’, ст.-ісл. skúfa ‘рухаць, штурхаць’ і інш. Гл. Траўтман, 263; Покарны, 955; Скок, 3, 274; Фасмер, 3, 660; БЕР, 6, 806–807. Сной₁ (576) выводзіць ад і.-е. базы *skeu̯bh‑ ‘рабіць кароткія рухі’; гл. таксама Борысь, 556.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)