Ку́ка 1 ’вялікі драўляны малаток’ (ТСБМ, Касп., З нар. сл., Нар. словатв., Нар. лекс.). Параўн. літ. kúokas, лат. kúoks ’драўляны молат для гульні або глушэння рыбы’. Беларускае слова (значэнне ’для глушэння рыбы’ зафіксавана, напр., у Касп., 170) запазычана з балтыйскіх дыялектаў (БСЭ, 5, 13–14; Лаўчутэ, Балтизмы, 144).
Ку́ка 2 ’фіга’ (Нас., Сл. паўн.-зах., Бяльк.). Рус. кука ’кулак’. Параўн. балг. кука ’крук’, серб.-харв. ку̏ка ’тс’. Параўн. літ. kukà ’дубінка’, kúoka ’тс’, лат. kùoks ’палка’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі менш надзейныя (Бернекер, 639; Фасмер, 2, 404).
Ку́ка 3 ’дзіцячая болька’ (Сцяц., Нар. лекс.), ’тое, чым палохаюць дзяцей’ (Жыв. сл.). Крыніцай беларускіх слоў лічацца літ. kaũkas ’дамавік, чорт’, лат. kauks ’тс’. Запазычанне адбылося да манафтангізацыі дыфтонгаў (Лаўчутэ, Балтизмы, 47).
Ку́ка 4 ’стары танец, падобны да карагода’ (ТС). Няясна. Да ст.-грэч. κύκλος ’карагод’? Якімі былі шляхі пранікнення?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)