Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скелз ‘адхон, скос’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.). Метатэза е і л у склез (гл.) або вычляненне назоўніка з прыслоўя польск. skiełzem ‘крыва, у бок’, якое ад ст.-польск. skiełznąć się ‘выслізнуцца, саслізнуцца’, параўн. Карскі, Белорусы, 149; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 71. Сюды ж ске́лзы ‘цуглі’ (Ласт.), ске́лзаць ‘зацугляць’ (Сцяшк. Сл.), вытворныя ад ке́лзаць (гл.), для якіх Карскі (Белорусы, 145) дапускаў вывядзенне з польск. kieł ‘кол’, што вельмі сумніўна. Польск. kiełzać ‘слізгацца’ роднаснае коўзацца, гл.

Скем ‘двое козлаў для змацавання склееных дошак пры працы’ (Шат.), скем, шкем ‘лісіцы (сціскаючае прыстасаванне)’ (ТС). Звязанае чаргаваннем галосных з скамы (гл.), што ўзыходзіць да *(s)koměti ‘ціснуць; балець, ныць’ (Варбат, Этимология–1973, 28). Падрабязней гл. Цыхун, БЛ, 59, 116–118. Адносна праблематыкі захавання ск перад е гл. скяпа́ць. Сюды ж ске́мка ‘палка, расшчэпленая на канцы, ляшчотка’ (мядз., Нар. словатв.), ске́мчык ‘станок для ткання паясоў’ (іўеў., Сл. ПЗБ).

Скемены́ ‘зеў (у кроснах)’ (ігн., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка, з літ. skíemenys ‘тс’.

Ске́моцень ‘моцны мароз’ (ТС). Да *скеміць ‘сціснуць, шчыпаць’, параўн. укр. скемі́ти ‘калоць, ныць, балець’, рус. скоми́ть ‘балець, ныць, шчаміць’, роднасным да аскома і шчаміць (гл.). Параўн. скем (гл.).

Скеп ‘жэрдка ў плоце’ (Сцяшк. Сл.). Аддзеяслоўны дэрыват ад скяпаць (гл.) з нулявым афіксам.

Скепаць. Гл. скяпаць.

Скепі́на ‘шчыліна’ (Нас., Гарэц.). Да скяпаць (гл.). Польск. skiepina з беларускай (Варш. сл.). Параўн. ске́пка.

Ске́піць. Гл. скяпаць.

Ске́пка ‘лучынка, трэска, аскалёпак’ (Шат.; маз., Яшк. Мясц.; Байк. і Некр., Янк., Пятк. 2, ТС), ‘адна лучына’ (жытк., Нар. словатв.), скы́пка ‘лучына’ (кам., Жыв. НС), скёпка ‘трэска; асколак’ (Нас.). Укр. скі́па, скі́пка, рус. дыял. ске́па, ске́бка, ски́па ‘тс’. Ад скяпа́ць (гл.) з суф. ‑к(а). Сюды ж ске́пка ‘дзеянне па дзеяслову скяпаць’ (Нас.), прыметнік ске́пкі ‘колкі’ (Байк. і Некр.).

Ске́пнік ‘грыб лось (пеўнік стракаты), Sarcodon imbricatus (Fr.) Karst.’ (Касп.). Відаць, да скяпаць, ске́пка (гл.), таму што грыб мае «пашчапаную» калючую паверхню. Параўн. яго навуковую назву вожычнік стракаты, а таксама іншыя народныя назвы: скепанка, ёршык, вожык, сямірога (Сярж.–Яшк.).