Скяпа́ць, скепа́ць, скіпа́ць, с(ь)капа́ць ‘шчапаць’ (Нас., Касп., Шн. 1; віц., Нар. словатв.; бялын., Нар. сл.; Мат. Маг., Растарг.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ске́паць ‘сячы’ (ПСл). Укр. скіпа́ти, рус. скепа́ть ‘расшчапляць, калоць’, ст.-рус. поскѣпани ‘расколатыя’, оскѣпище, оскѣпъ ‘дрэўка кап’я’. Галоўная цяжкасць — наяўнасць к перад ѣ, якое тлумачылі па-рознаму. Шахматаў (Очерк, 176), Брандт (РФВ, 24, 174), Сабалеўскі (РФВ, 53, 8) і інш. лічылі ўсходнеславянскія формы наватворам ад рэгулярнага *сцѣпати > *стѣпати, скепати, паколькі існуюць балг. це́пя ‘калю (дровы)’, серб.-харв. цијѐпати, цѝјепа̑м ‘расколваць, разрываць’, поруч з *ščepati, гл. шчапаць. Адсюль Фасмер (3, 638) і Махэк₂ (626) мяркуюць аб існаванні прасл. *skьp‑ > ščьp‑ і *skoip‑ > sčep‑. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) лічыць пачатковае ск‑ у +скѣпати заканамерным перад ѣ з ‑oi‑. Паводле апошніх даследаванняў, наяўнасць *s перад *k з’яўляецца фактарам, які можа стрымліваць палаталізацыю (Крысько, Слав. языкозн., XIII, 350). Меркаванні пра спалучэнне ске‑ ў беларускай мове гл. Карскі 1, 368 (адзначае яго старажытнасць), Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 72 (немагчыма даць фанетычнае тлумачэнне), Векслер, Гіст., 92 (лічыць рысай, характэрнай для т. зв. кіеўска-палескага прадыялекта), а таксама Коген, Запіскі 2, 9, 84 і наст.