К ’да’, прыназоўнік з дав. скл. (БРС, ТСБМ; выражае прасторавыя, часавыя, аб’ектныя і мэтавыя адносіны). У гаворках: к ’да’ (Бяльк.; мсцісл., Нар. сл., Нік. Напаў., Радч., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Шат.), ка ’да’ (Бяльк., ТСБМ, Сержп. Прымхі; ужываецца ў спалучэнні «ка мне»), ік ’да’ (Рам.), ак ’да’ (Рам.). У ст.-бел. мове Карскім адзначаны к, ик ’да’. Сержпутоўскі (Грам., 13) адзначае, што прыназоўнік к перад б, д, г, ж, з вымаўляецца амаль што як г. Укр. к, ік, ку (зах.), рус. к, ко, ку, ик, польск. k, ku, палаб. ka, чэш. k, ke, ku, славац. k, ku, gu, ko, ke, н.-луж. k, ku, в.-луж. k, ke, ku, славен. k, h, g, серб.-харв. k, ka, ik, kak, мак. кон, бал. к, към. Ст.-рус. къ, ст.-слав. къ. Этымалогія няпэўная. Прыназоўнік не ўтварае рэгулярнага прэфікса. Структуры тыпу польск. gwoli, бел. палес. кстроцы, магчыма, серб.-харв. кнадити з’яўляюцца выпадковымі. Таму нельга пагадзіцца з уключэннем прыназоўніка к у адзін рад са слав. sъn і vъn. Рэканструкцыя *kъn, заснаваная на аналогіі з гэтымі прыназоўнікамі і на параўнанні к са ст.-інд. і ст.-іран. kam (паслялог з дав. скл.), дастаткова не абгрунтавана. Копечны лічыць, што праславянскай формай магла быць толькі такая, як kъ (ESSJ, 100). Старажытныя сувязі прыназоўніка не зусім ясныя. Звычайна параўноўваюць са ст.-інд. паслялогам kám ст.-іран. kam ’дзеля’, аднак Бенвеніст (Зб. Фасмеру, 70–73) звярнуў увагу на фармальную і семантычную тоеснасць слав. k і сагд. kw (ku). Паводле Копечнага, ESSJ, 1, 106, нельга бачыць у гэтым запазычанне ў славянскія мовы; адзначаная тоеснасць або з’яўляецца вынікам паралельнага развіцця, або гэта агульная з’ява. Копечны (там жа) пераканаўча мяркуе, што слав. *ku (kъ) і інд.-іран. *ku як прыназоўнікі ўтварыліся ад прыслоўя займеннікавага паходжання (параўн. складанае kъ‑de < *ku‑dhe). Трубачоў (Этимология–1974, 175–176) супраць Копечнага, ён падкрэслівае, што наогул нельга аддзяляць прыназоўнік *kъ ад займенніка *kъ‑ і лічыць, што прыназоўнік не ўтвараў прэфікс, спасылаючыся на рус. конура, каверза, укр. ковертати, прикмітити, ковʼязнути. Гэтыя прыклады дапускаюць розную інтэрпрэтацыю (як назоўнікавыя, дзеяслоўныя ўтварэнні або складанні тыпу польск. gwoli, палес. кстроцы і інш.) і не даводзяць рэгулярнага характару прыназоўніка kъ. Аб займеннікавым kъ гл. падрабязна пад хто. Гл. яшчэ Слаўскі, 3, 290–293; Фасмер, 2, 146–147; Копечны, ESSJ, 1, 99–106.