З, са, прыназоўнік. Рус. с, из, со, изо, дыял. з, укр. з, із, з, зо, польск. z, ze, серб.-луж. z, ze, дыял. н.-луж. zo, чэш. z, ze, палаб. sȧ, славен. s, sa, z, iz, серб.-харв. с, са, из, балг. c, със, из, макед. са̊, паэт. с, дыял. из. Ст.-слав. из, съ, ц.-слав. рэдк. таксама з, ст.-рус. изъ, съ…, ст.-бел. из, с, з, зо, со, изо, ис. Бел. прыназоўнік з/са — вынік аб’яднання прасл. *jьz (> ст.-слав., рус. из) і *sъn > sъ, што адбылося ва ўсіх зах.-слав., у славен. і серб.-харв. (чакаўскіх, кайкаўскіх) дыялектах, ва ўкр. і. бел. на базе фанетычнага, а таксама семантыка-сінтаксічнага падабенства. Першапачаткова *jьz кіраваў родным склонам, а sъn — родным, творным і вінавальным. У родным абодва прыназоўнікі абазначалі крыніцу дзеяння (параўн. рус. выйти из комнаты, сойти с крыши), што і давала падставу аб’яднання. Аглушэнне z перад глухімі (фанетычна яно адбываецца і ў бел., хаця арфаграфічна захоўваецца з: [с табо́ју]) і азванчэнне s перад звонкімі было фанетычным грунтам аб’яднання, якое, відаць, адбывалася канчаткова пасля падзення рэдукаваных і пераўтварэння *sъn > s, хаця аглушэнне jьz адбывалася і да падзення рэдукаваных. Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў мовах, у якіх адбылося аб’яднанне *jьz і *sъn, аслаблена прадстаўлены займеннікавыя формы з n‑ (што паўсталі ў выніку пераразмеркавання прыназоўнікаў *sъn, vъn). Гэта можа тлумачыцца як паказчык ранняга аб’яднання sъn — jьz яшчэ ў перыяд да падзення рэдукаваных у выніку дзейнічання тэндэнцыі ўзыходзячай гучнасці: спалучэнне *ŭn, як вядома, магло даць *ъ, а *jьz, блізкае семантычна да *sъ, у выніку аглушэння ‑z і страты jь змешвалася з *sъ у адзіны прыназоўнік. Прасл. jьz < ьz; роднасныя і.-е. прыназ. літ. iš (iž), лат. iz, ст.-прус. is ’з, ад’, лац. ех, ст.-грэч. ἐξ, ἐκ. ESSJ SG, 1, 81–82, дзе гл. іншую літ-ру. Фасмер, 2, 119–120; Безлай, 1, 214–215. Прасл. sъn натыкаецца на цяжкасці ў выясненні і.-е. роднасных форм, якія існуюць як пры супастаўленні з літ. su (параўн. прыстаўку су- < *sǫ), так і з лац. cum, грэч. συν. Магчыма, што ў ім ужо аб’яднаны два асобныя і.-е. прыназоўнікі *kom і *som (Мейе, BSL, 8, 110). Фасмер, 3, 539–540; ESSJ SG, 1, 254–255, дзе гл. іншую літ-ру. Заслугоўвае ўвагі раз’яднанне прасл. *sъ (з р. і він.) і sъn (з тв.) у Копечнага, Zákl. zásoba, 358–359. Покарны (1, 292–293) дае для jьz і.-е. форму *egʼhs ’з’, а для sъn і.-е. *som, *sṃ.