Кон1 ’месца, дзе ставяцца фігуры, якія трэба выбіваць (пры гульні ў гарадкі і г. д.)’ (ТСБМ), ’галоўнае месца дзеяння на пляцоўцы, на якім стаяць удзельнікі гульні’ (Нар. словатв.). Гл. кон3.

Кон2 ’гульня ў мяч’ (Ян.). Гл. кон1.

Кон3 ’чарга, лёс’ (Нас.). Укр. кін ’месца гульні’ і ’месца смяротнай кары’, рус. кон ’рад, чарга’, ’канец, мяжа, рубеж’, ст.-рус. конъ ’тс’, серб.-харв. ко̏н ’пачатак і канец’, ст.-чэш. kon ’канец’, н.-луж. kón ’тэрмін, момант’. Прасл. konъ зберагло рэфлексацыю толькі ў частцы славянскіх моў, у іншых яго выцесніла вытворнае konьcь. Разглядаемае слова знаходзіцца ў рэгулярных апафанічных адносінах з прасл. čęti (гл. пачаць). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 195–196.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)