Скукарэ́чаны ‘згорблены’ (Яўс.), скукару́чыцца, скукарэ́чыцца ‘згорбіцца, сагнуцца’, зняваж. ‘памерці (у курчу)’ (Нас.), скакаручыць ‘сагнуць’ (Наша слова, 1992, 19 жн.), скукарэ́жыць ‘скруціць, сагнуць’ (Барад.), Апошняе падобна на скаро́жыць (гл.), аднак, хутчэй за ўсё, тут азванчэнне зычнага ў зыходным кукарэ́чыцца ‘горбіцца, каробіцца, корчыцца’ (Нас., Касп.), якое Трубачоў (ЭССЯ, 13, 88–89) узводзіць да прасл. *kukurъ ‘горб’, вытворнага з ‑r‑ суфіксацыяй ад *kuka ‘крук’, параўн. кука2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)