Сква́рыць ‘пячы, смаліць (пра летнюю спёку)’ (Нас.), ‘тс (пра моцны мароз)’ (Шат.), ‘пячы на агні (пра сала і пад.)’, ‘запраўляць сквараным салам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 4). Укр. шква́рити, польск. skwarzyć ‘тс’, чэш. skvařiti ‘вытапліваць тлушч, скварыць’, славац. škvariť ‘тушыць; пражыць’. Сюды ж рус.-ц.-слав. раскврѣти ‘спражыць’, ст.-чэш. skvřieti sě ‘пражыцца, растоплівацца’, в.-луж. škrěć ‘плавіцца з шыпеннем’, н.-луж. škŕěś ‘тс’, славен. cvrẹ́ti ‘пражыць’. Прасл. *skvariti, *skverti ‘растапліваць (на агні) (тлушч)’, ‘прыпякаць, смажыць’. Ізаляванае славянскае слова. Найбольш верагодным лічыцца гукапераймальнае паходжанне і супастаўленне з коранем *skvьr‑ (гл. скварэц, сквярціся); гл. Праабражэнскі, 2, 296; Голуб-Копечны, 371. Мяркулава (Этим. иссл. 2, 114–116) збліжае з гукапераймальным *ščeverъ ‘дрэнны пах ад гарэлага’, якое выводзіцца на падставе паўн.-рус. ще́вер ‘дрэнны пах і трэск ад гарэлага’, а першасным значэннем лічыць ‘спальваць ахвярную жывёліну’. Роднасць з рус. скве́рный Праабражэнскі (там жа) і Фасмер (3, 636) лічаць сумніўнай. Махэк₂ (615) дапускае магчымасць паходжання слова ад кораня *ver‑ ‘варыць’, а sk‑ лічыць мадыфікатарам кораня накшталт прыстаўкі ко‑. Сной₁ (65) мяркуе аб роднасці са с.-н.-ням. smoren ‘тушыць (ежу)’ (адкуль ням. schmoren ‘тс’) і паходжанні ад і.-е. кораня *skē̌u‑ ‘рэзаць’ з уплывам значэння ‘растапліваць (тлушч)’. Борысь (556) удакладняе, што *skvariti з’яўляецца каузатывам ад прасл. *skverti ‘тапіць, распускаць праз падагрэў, смажанне’ з заменай каранёвага галоснага e → o і наступным падаўжэннем o → a.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)