Ско́бля ‘цяслярская прылада ў выглядзе нажа з ручкамі на канцах (ТСБМ, Шат., Касп., Яшк. Мясц., Бяльк., Варл., Янк. Мат., Сл. ПЗБ), скабёлка ‘тс’ (Касп.), скабялёк ‘струг з адной ручкай’ (Нік. Очерки). Укр., рус. ско́бель, рус.-ц.-слав. скобль, польск. skobla, чэш. skoble ‘жалезная скобка ў хамуце’, славац. skobľa, славен. skȏblja, серб.-харв. ско̎бља дыял. ‘клямар’, балг. ско́бел. Прасл. *skobelь, *skobla. Ад страчанага яшчэ на праславянскім узроўні, як мяркуе Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), *skobiti, параўн. аднак скабіць (гл.), каш. skobić ‘здзіраць кару з дрэва’ (гл. SEK, 4, 281), з суф. ‑elʼ‑, ‑lʼa. Параўн. літ. skõbti, skobiù ‘скрэбці, зрываць’, skabýti, skabaũ ‘тс’, skabùs ‘востры’, лац. scabō, ‑ere ‘скабліць, скрэбці, часаць’, гоц. skában ‘скрэбці, стрыгчы’ і інш. Гл. Траўтман, 262; Мюленбах-Эндзелін, 3, 863; Вальдэ-Гофман, 2, 484; Фасмер, 3, 643. Младэнаў (584) выводзіць ад *skoba (гл. скаба́); Брукнер (494) таксама параўноўвае формы, што адпавядаюць скаба́ і скобля. Гл. яшчэ БЕР, 6, 761; Сной₁, 573.