Скапа́ ‘буйная драпежная птушка сямейства ястрабавых, якая жыве каля рэк, азёр і харчуецца рыбай’ (ТСБМ), у форме “скопа тѣмно-дымчатая, Fischaar” адзначана сярод птушак Крычаўскага староства ў XIX ст. (Меер Крыч.). Народныя назвы рыбалоў і скаба́ (гл.). Запазычанне, параўн. рус. скопа́ ‘тс’, укр. скопа́ ‘тс’; у іншым значэнні ‘ястраб-перапёлачнік’ адзначана польск. дыял. skop і славен. skȏpəc, skobec. Бернекер (1, 535), Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, 7, 120), Сной₁ (574) лічаць тоесным з прасл. *kobьcь ‘драпежная птушка’ (рус. ко́бец, польск. kobiec і г. д.), але супраць Фасмер (3, 649) на падставе наяўнасці ст.-прус. warnagcopo ‘від ястраба’, што збліжаецца з літ. kapōti ‘секчы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)