Сад ’участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку’, дыял. ’карма ў невадзе, мяшок пасярод яго, куды трапляе рыба’ (віц., Нар. лекс.), ’пасад у гумне’ (Нас.), ’верхні і ніжні млынарскія каменні’ (Некр.), ’грыбная калонія ў лесе’ (Яшк.). Да садзіць, сесці. У першым значэнні агульнаславянскае і праславянскае: рус., укр. сад, стараж.-рус. садъ ’дрэва, расліны, гай, сад’, ст.-слав. садъ ’сад’, польск. sad ’сад, парк’, в.-луж., н.-луж. sad ’садавіна; сад’, чэш., славац. sad ’сад, насаджэнне’, серб.-харв. са̑д ’новае насаджэнне’, славен. sȃd ’плод; плантацыя’, балг., макед. сад ’насаджэнне’. Праслав. *sadъ ’пасадка’, старая аснова на ‑ŭ (Мейе, RS 6, 131). Бліжэйшыя адпаведнікі ў ст.-інд. sadá ’язда вярхом, сядзенне’, ст.-ісл. sót ’сажа’, гл. Траўтман, 259 і наст.; Майргофер, 3, 473; Фасмер, 3, 543 і наст.; Брукнер, 478 і наст.; Махэк₂, 539, Сной₁, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сад у значэнні ’дзіцячы сад’ з рус. сад ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)