Се́сці ‘апусціцца сагнуўшыся, прысесці’, ‘асесці’, ‘выскачыць на скуры (пра скулу і інш.)’, ‘паменшыцца ад вільгаці, збегчыся (пра тканіны і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сесць ‘тс’ (Ласт., Касп., Бяльк.), се́гці ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), сёхці ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), сехч, се́хчы ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Скарбы). Працяг прасл. *sěsti (< *sēd‑ti), якое адлюстраваў ва ўкр. сі́сти, рус. сесть, стараж.-рус. сѣсти, польск. siąść, чэш. sěsti, славац. дыял. säsť, sasci, серб.-харв. сје̏сти, славен. sẹ́sti, балг. ся́дам, ст.-слав. сѣсти. Роднасныя літ. seti, sė́du ‘сядаць’, ст.-прус. sīdons ‘той, які сядзіць’; гл. Траўтман, 258; Фасмер, 3, 615; Махэк₂, 538; Борысь, 544; Сной₁, 564; ESJSt, 13, 808–809. Далей гл. садзіць, сядзець.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)