Садзі́ць ’запрашаць або прымушаць заняць якое-небудзь месца’; ’прызначаць, уладкоўваць на якую-небудзь пасаду’, ’пасяляць дзе-небудзь’, ’закопваць у зямлю карані саджанцаў, клубні і пад. з мэтай вырошчвання раслін’, ’змяшчаць у гарачую печ посуд для выпякання, сушэння’, ’энергічна, з сілай утвараць якое-небудзь дзеянне’. Укр. сади́ти, саджу́, рус. сади́ть, сажу́, стараж.-рус. садити, ст.-слав. садити, польск. sadzić, sadzę, в.-луж. sadźiś, н.-луж. sajźić, чэш. saditi, славац. sadiť, серб.-харв. са́дити, са̑дим, славен. sadíti, sadím, балг. садя́, макед. сади. Праслав. *sadìti, sadi̯ǫ каўзатыў да прасл. *sěsti ’сесці’. Роднасныя літ. sodìnti, sodinù ’саджаць’, ст.-прус. saddinna ’ён ставіць’, ensadints ’той, які ўстаўлены’; гоц. satjan ’саджаць’, ірл. suidim ’сяджу’ (Траўтман, 259), ст.-інд. sādáyati ’садзіць’, ірл. sáidim. Гл. таксама Фасмер, 3, 544 з літраў Брукнер, 478 і наст.; Махэк₂, 539; Борысь, 537; Шустар-Шэўц, 2, 1263–1264; Сной₁, 551; БЕР, 411–415. Параўн. сад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)