Мыць, мы́ці, муць, мы́ты, мэ́тэ ’вадой з мылам ці іншай вадкасцю ачышчаць ад бруду’, ’абмываць вадой бераг’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ; драг., Лучыц-Федарэц), мы́цца (мы́ціса, му́цца, мэ́тыся) ’умываць, мыць сябе’ (там жа). Укр. мити, рус. мыть, польск. myć, н.-луж. myś, в.-луж. myć, чэш. mýti, славац. myť, славен. míti, серб.-харв. ми̏ти, макед. мие, балг. мия, ст.-слав. мыти. Прасл. myti, і.-е. адпаведнікамі да якога з’яўляюцца: літ. máudyti ’купаць, мыць’, лат. maût ’плаваць, даваць нырца’, ст.-прус. au‑mūsnan ’умыванне’, ірл. mūn, ст.-інд. mūtram ’мача’, авест. mūϑrəm ’бруд’ < і.-е. *meu‑ ’вільгаць’ (Міклашыч, 207; Траўтман, 191; Мюленбах-Эндзелін, 2, 570; Фасмер, 3, 26; Фрэнкель, 1, 417; Махэк₂, 386; Покарны, 1, 743; Скок, 2, 434; Бязлай, 2, 186). Сюды ж мыцьво ’усё тое, што мыюць’ (гродз., Мат. АС), мыцёха ’жанчына, якая мые бялізну ці посуд’ (КЭС, лаг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)