Сук 1 ’галіна ствала дрэва і яе астатак у дошцы, бервяне’ (ТСБМ, Ласт., ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл.), ’засохлая галіна’, ’адростак рота’ (Сл. ПЗБ), ’хвосцік у гарбуза’ (ТС), ’скупы чалавек’ (Скарбы, Сцяц. Сл.). Укр., рус. сук, польск. sęk, в.-луж., н.-луж. suk, славін. sąk, чэш., славац. suk, серб.-харв. су̑к, славен. sọ̑k, балг. сък, макед. сак, ст.-слав. сѫкъ. Прасл. *sǫkъ збліжаюць з літ. at‑šankē ’крук, выступ на дрэве; палка’, ст.-інд. çaŋkús ’востры колышак, драўляны цвік, кол’, кімр. cainc ’сук’ (< ḱanki), ст.-ісл. hár ’уключына’ (< hanha‑), якія да і.-е. кораня *ḱonk‑ ’галіна, галуза’, гл. Покарны, 523. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 798 з іншай літ-рай; Махэк₂, 592; Бязлай, 3, 285–286; Шустар-Шэўц, 1377; Борысь, 542; ESJSt, 14, 862–863. Пра магчымую сувязь з саха гл. Хэмп, Studia etym. Brun. 3, 97–98. Аб семантычным пераходзе ’нешта крывое, сагнутае’ → ’скупы’ гл. Казлова, Этимология–1982, 49.
Сук 2 ’кастрыца ў прадзіве’ (ТС), суке́ ’сучкі ў воўне’ (карэліц., Шатал.), сучо́к ’скрутак на крутой нітцы’ (ТС), ’вузел’ (Сл. Брэс.). Рус. дыял. сук ’вузел на вяроўцы, на поясе і г. д.’, чэш. мар. suk ’вузялок’. Аддзеяслоўны дэрыват ад сукаць; гл. Махэк₂, 592.