Бор1 ’хваёвы лес’. Рус. бор, укр. бір, польск. bór, чэш. bor, балг. бор ’сасна’, серб.-харв. бо̑р ’тс’. Прасл. borъ ’хваёвы лес; сасна’. Лічыцца роднасным з герм. словамі: ст.-ісл. bǫrr, ст.-англ. bearu ’лес’, ст.-ісл. barr ’шыпулька елкі’, далей ст.-інд. bhr̥ṣṭí ’вастрыё’. І.‑е. *bher‑: *bhor‑ ’быць вострым’. Першапачатковае значэнне *borъ‑ ’хваёвае дрэва, дрэва з іголкамі’. Траўтман, 26; Брукнер, AfslPh, 39, 4, 42, 139; Бернекер, 76; Праабражэнскі, 1, 39; Фасмер, 1, 193; Слаўскі, 1, 40. Наўрад ці слав. borъ — запазычанне з герм. *baru (гл. вышэй); аб магчымасці адваротнага запазычання гл. Мартынаў, Лекс. взаим., 108–112. Брукнер (там жа), а таксама Махэк₂ (60–61) (услед за А. Матлам) хочуць бачыць сувязь з слав. *bara ’багна’. Падрабязна пра borъ у слав. мовах Талстой, Геогр., 22–41.

Бор2 ’свердзел’. Рус. бор. Запазычанне з ням. Bohr ’тс’ (а гэта да bohren свідраваць’). З той жа ням. крыніцы паходзіць і бур ’свердзел’ (гл.). Розніца ў вакалізме можа тлумачыцца дыялектным нямецкім вымаўленнем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)