Бог. Рус. бог, укр. біг, польск. bóg, чэш. bůh, ст.-слав. богъ, балг. бог, серб.-харв. бо̑г і г. д. Прасл. *bogъ. Роднасныя словы перш за ўсё ў інда-іран. мовах: ст.-інд. bhágas ’той, хто абдорвае, дае даброты, уладыка’, ст.-іран. baɣa ’бог’, ст.-перс. baga‑ (ст.-інд. bhájati ’дае, дзеліць’, грэч. φαγεῖν ’есці’). Першапачатковае значэнне ’той, што надзяляе’. Параўн. ст.-інд. bhágaḥ ’багацце; шчасце’, ст.-іран. baɣa‑, baga‑ доля’. Версію аб запазычанні прасл. слова з іран. моў фанетычна давесці немагчыма (а толькі з культ.-гіст. меркаванняў). Бернекер, 67; Траўтман, 23; Праабражэнскі, 1, 33; Слаўскі, 1, 40; Машынскі, Pierw., 92; Фасмер, 1, 181–182. Гл. яшчэ Meriggi, ЗФЛ, VIII (1965), 43; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 202; Жукуа, Sprache, 11, 131 і наст. Падрабязна Трубачоў, Этимология, 1965, 25–31, які мяркуе, што пакуль няма даных, каб адказаць на пытанні, ці запазычана слав. bogъ з іранскага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)