Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сор. Гл. сур.

Со́рак ‘лік і лічба 40’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан.), со́рок ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сорок. Укр., рус. со́рок, стараж.-рус. сорокъ ‘сорак’, ‘звязка з 40 скур собаля’. Польск. sorok ‘звязка з 40 скур собаля’ (XVІ–XVІІ стст.) запазычана з рус. (Брукнер, 507). Гэтае слова замяніла больш старажытнае четыре десѧте. У старабеларускай мове яшчэ ў XVII ст. для абазначэння лічэбніка ўжывалася четыредесять і сорокъ, а ў XVI і XVII стст. сорокъ таксама шырока ўжывальнае як адзінка лічэння футравых скурак (гл. Скурат, Меры, 167–168). Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Тлумачылі (Міклашыч, 316; Брукнер, там жа і інш.) з грэч. (τε)σσαρακοντα ‘сорак’, новагрэч. σαράντα, або з грэч. τεσσαρακοστή, с.-грэч. σαρακοστή ‘саракадзённы пост’, але гэта версія не ўлічвае значэння ‘звязка футравых скурак’. Таму дапускалі сувязь з сарочка (гл.) аналагічна ст.-сканд. serkr ‘кашуля’ і ‘200 скур’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 100; Фасмер, 3, 722–723 з літ-рай. Груненталь (AfslPh, 42, 318) прыводзіць яшчэ славац. meru ‘сорак’ з венг. mérő ‘футра’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 723) не выключае магчымасці запазычання ст.-усх.-слав. *съркъ, да якога можа ўзыходзіць сорак, з цюркскіх моў, параўн. тур. kirk ‘сорак’, з дысіміляцыяй k — k > s — k. Агляд праблематыкі гл. Жураўлёў, Язык и миф, 641–642. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 356.

Со́рам ‘збянтэжанасць, хваляванне ад усведамлення свайго ўчынку’, ‘ганьба’, ‘сарамяжлівасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Сержп., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), со́рам, сарамо́к ‘дзетародны член’ (Нас.), сарамаце́не ‘палавыя органы’ (Сержп.), ст.-бел. сорамота ‘стыд’ (Альтбаўэр). Укр. со́ром, рус. со́ром і таксама срам, якое запазычана з ц.-слав. срамъ, стараж.-рус. соромъ, польск., н.-луж. srom, sromota, серб.-харв. сра̑м, славен. srȃm, балг., макед. срам, ст.-слав. срамъ. Прасл. *sormъ лічыцца роднасным авест. fšarəma‑ м. р. ‘сорам’, новаперс. šarm, ст.-в.-ням. har(am), лат. šermelis ‘жах, жудасць’, далей таксама, відаць, літ. šarma ‘іней’ (аб апошнім гл. Ларын, История, 67–68: зыходным значэннем слова было ‘холад’ і на балтыйскай глебе ‘іней’). Гл. таксама Траўтман, 299; Фасмер, 3, 724 з літ-рай, Шустар-Шэўц, 1351; Бязлай, 3, 303; Борысь, 573; Глухак, 572; ЕСУМ, 5, 357.

Сорт ‘гатунак’, ‘від, род’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ). Паводле Крамко (Гіст. мовы, 2, 238), запазычанне пачатку XX ст. з рус. сорт ‘тс’. У рускай мове, пачынаючы з пач. XVIII ст., з франц. sorte ‘тс’ < лац. sors, Р. скл. sortis ‘жэрабя; доля; лёс’ (гл. Праабражэнскі 2, 359; Фасмер, 3, 725).

Со́рта ‘трос, канат’ (калінк., Арх. ГУ). Няясна.

Со́рыць ‘траціць, губляць’ (Касп.). Відаць, з рус. сор ‘смецце’, сори́ть ‘раскідваць смецце’, параўн. выраз сори́ть деньга́ми ‘бязмэтна траціць грошы’; аднак у гэтым выпадку цяжка вытлумачыць змену націску. Параўн. пасорыць, распасорыць (гл.).