Со́рак ‘лік і лічба 40’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан.), со́рок ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сорок. Укр., рус. со́рок, стараж.-рус. сорокъ ‘сорак’, ‘звязка з 40 скур собаля’. Польск. sorok ‘звязка з 40 скур собаля’ (XVІ–XVІІ стст.) запазычана з рус. (Брукнер, 507). Гэтае слова замяніла больш старажытнае четыре десѧте. У старабеларускай мове яшчэ ў XVII ст. для абазначэння лічэбніка ўжывалася четыредесять і сорокъ, а ў XVI і XVII стст. сорокъ таксама шырока ўжывальнае як адзінка лічэння футравых скурак (гл. Скурат, Меры, 167–168). Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Тлумачылі (Міклашыч, 316; Брукнер, там жа і інш.) з грэч. (τε)σσαρακοντα ‘сорак’, новагрэч. σαράντα, або з грэч. τεσσαρακοστή, с.-грэч. σαρακοστή ‘саракадзённы пост’, але гэта версія не ўлічвае значэння ‘звязка футравых скурак’. Таму дапускалі сувязь з сарочка (гл.) аналагічна ст.-сканд. serkr ‘кашуля’ і ‘200 скур’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 100; Фасмер, 3, 722–723 з літ-рай. Груненталь (AfslPh, 42, 318) прыводзіць яшчэ славац. meru ‘сорак’ з венг. mé ‘футра’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 723) не выключае магчымасці запазычання ст.-усх.-слав. *съркъ, да якога можа ўзыходзіць сорак, з цюркскіх моў, параўн. тур. kirk ‘сорак’, з дысіміляцыяй k — k > s — k. Агляд праблематыкі гл. Жураўлёў, Язык и миф, 641–642. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)