Со́рам ‘збянтэжанасць, хваляванне ад усведамлення свайго ўчынку’, ‘ганьба’, ‘сарамяжлівасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Сержп., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), со́рам, сарамо́к ‘дзетародны член’ (Нас.), сарамаце́не ‘палавыя органы’ (Сержп.), ст.-бел. сорамота ‘стыд’ (Альтбаўэр). Укр. со́ром, рус. со́ром і таксама срам, якое запазычана з ц.-слав. срамъ, стараж.-рус. соромъ, польск., н.-луж. srom, sromota, серб.-харв. сра̑м, славен. srȃm, балг., макед. срам, ст.-слав. срамъ. Прасл. *sormъ лічыцца роднасным авест. fšarəma‑ м. р. ‘сорам’, новаперс. šarm, ст.-в.-ням. har(am), лат. šermelis ‘жах, жудасць’, далей таксама, відаць, літ. šarma ‘іней’ (аб апошнім гл. Ларын, История, 67–68: зыходным значэннем слова было ‘холад’ і на балтыйскай глебе ‘іней’). Гл. таксама Траўтман, 299; Фасмер, 3, 724 з літ-рай, Шустар-Шэўц, 1351; Бязлай, 3, 303; Борысь, 573; Глухак, 572; ЕСУМ, 5, 357.