Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Со́баль ‘драпежны звярок сямейства куніцавых’, ‘футра гэтага звярка’ (ТСБМ), со́баль, сабо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк.), сабо́ль ‘тс’ (Ласт., Стан.), ст.-бел. собаль ‘футра собаля; асобны падатак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 162). Укр. со́боль, польск. soból, в.-луж. soboł, чэш. sobol, славац. soboľ, балг. соболе́ц ‘суслік’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *sobolь (ЕСУМ, 5, 340), паходжанне якога застаецца няясным. Выказвалася думка (Зубаты, AfslPh, 16, 413; Праабражэнскі, 2, 348) аб роднасці са ст.-інд. çabálaḥ, çabaráḥ ‘стракаты, плямісты’. Версіі фіна-угорскага (Брукнер, 506; Голуб-Копечны, 344) або цюркскага паходжання, параўн. тур. samur ‘собаль’, Фасмер (3, 703–704) лічыць нездавальняючымі. Відаць, праз заходнеславянскія слова пранікла ў заходнееўрапейскія мовы: ст.-в.-ням. tebelus/zobel ‘собаль’ (XI ст.), ст.-франц. sable, італ. zibellino, с.-н.-ням. sabel, адкуль ст.-ісл. safali. Гл. яшчэ Махэк₂, 565; Сной₁, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 340.

Со́біць, звычайна безасабовае со́біла ‘прыйсці ў галаву, навесці на думку зрабіць што-небудзь нечаканае’ (ТСБМ, Касп., Шат., Гарэц., Янк. 3.), ‘прышлося, выпала’ (Варл.). Укр. собічити ‘прысвойваць’, рус. со́бить ‘запасіць, збіраць’, со́биться ‘збірацца, рыхтавацца’, польск. sobić ‘запасіць, збіраць; прысвойваць’, чэш. sobiti(si) ‘прысвойваць’, серб.-харв. sobičati se ‘асвойвацца, прывыкаць (да горада, людзей)’. Ад займенніка сабе (гл.), параўн. Махэк₂, 565.

Со́бскі ‘ўласны’ (Ласт.; мёрск., Жыв. НС; Касп.). Да соб‑ (гл. собіць, асобны).