Со́баль ‘драпежны звярок сямейства куніцавых’, ‘футра гэтага звярка’ (ТСБМ), со́баль, сабо́ль ‘тс’ (Некр. і Байк.), сабо́ль ‘тс’ (Ласт., Стан.), ст.-бел. собаль ‘футра собаля; асобны падатак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 162). Укр. со́боль, польск. soból, в.-луж. soboł, чэш. sobol, славац. soboľ, балг. соболе́ц ‘суслік’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *sobolь (ЕСУМ, 5, 340), паходжанне якога застаецца няясным. Выказвалася думка (Зубаты, AfslPh, 16, 413; Праабражэнскі, 2, 348) аб роднасці са ст.-інд. çabálaḥ, çabaráḥ ‘стракаты, плямісты’. Версіі фіна-угорскага (Брукнер, 506; Голуб-Копечны, 344) або цюркскага паходжання, параўн. тур. samur ‘собаль’, Фасмер (3, 703–704) лічыць нездавальняючымі. Відаць, праз заходнеславянскія слова пранікла ў заходнееўрапейскія мовы: ст.-в.-ням. tebelus/zobel ‘собаль’ (XI ст.), ст.-франц. sable, італ. zibellino, с.-н.-ням. sabel, адкуль ст.-ісл. safali. Гл. яшчэ Махэк₂, 565; Сной₁, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 340.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)