Со́снік ‘бор’ (Сл. ПЗБ; чаш., ЛА, 5), со́сняк ‘зараснікі хвоі’ (вільн., Сл. ПЗБ). Утворана ад со́сна ‘расліна Pinus silvestris’, ‘хвоя’ (Ласт., Растарг., Стан., Расл. св.; беласт., Зб. Памяці Закрэўскай, 481), ‘борць’ (Пятк. 1). Перыферыйны характар назвы з націскам на першым складзе (паўночны захад, Смаленшчына, Заходняя Браншчына, Палессе, Беласточчына) сведчыць пра яе архаічны характар у параўнанні з сасна́ (гл.), што пацвярджае і ц.-слав. соснь ‘піхта’. Агляд версій паходжання назваў дрэва гл. Янышкава, Балк. ез., 43, 2–3, 307–314. Пераважаючую версію ‘бортнае дрэва’, магчыма, пацвярджаюць запісы Раманава ў замове: золотник золотый, стань на своем мести, на золотом креcли, на батьковым сосновании (Рам., 5, 54–55), дзе апошняе слова трактуецца як ‘сяліба, двор’ (Нар. Гом.), магчыма, да аснова (гл.) — ‘дрэва для заснавання вулля’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)