Сасна́ ’вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах і вызначаецца прамым высокім ствалом і доўгай ігліцай, Pinus silvestris L.’, галоўным чынам зах.- і усх.-славянскае: рус., укр. сосна́, ст.-рус., рус.-ц.-слав. сосна ’елка, сасна’, польск., н.-луж., чэш., славац. sosna, палаб. süsnó ’тс’. У паўднёваславянскіх мовах захавалася часткова: сяр.-балг. (XIV ст.) сосна, макед. тапонім Sosna. Па традыцыйных версіях узводзілася да і.-е. k̑asnos ’шэры’ і параўноўвалася з ст.-прус. sasins ’заяц’, ст.-інд. çaçás ’тс’, ст.-в.-ням. haso ’заяц’, hasan ’шэры, бліскучы’, лац. cánus ’шэры’ (Брукнер, 507; Фасмер, 3, 726–727; Борысь, 567) або да *sopsna і тлумачылася як ’смалістае дрэва’, параўн. лац. sapa ’сок’, ст.-в.-ням. saf ’тс’, рус. сопля, прымаючы пры гэтым выдзяленне суф. ‑sna (гл. Фасмер, там жа). Трубачоў (Дополн., 3, 727), падкрэсліваючы неалагічны характар слова і спасылаючыся на назіранні Машынскага (Kultura 1, 133 і наст.), што на Палессі сасна датычыцца толькі хваёвага дрэва з борцю, дуплом, а звычайная сасна называецца хвоя, мяркуе, што *sosna першапачаткова належала да тэрміналогіі бортніцтва і абазначала ’дуплянае дрэва’ і выводзіць яго ад прасл. *sopěti ’сапці, дуць’, параўн. ст.-слав. сопль ’жалейка, флейта’. Па фанетычных прычынах ён (там жа) адхіляе і этымалогію Машынскага (Pierw., 216 і наст.) ад *sojǫ, *sojiti ’калоць’; тут чакалася б *sesna. Іншыя версіі гл. яшчэ Фасмер, там жа. Аналагічна Трубачову Шустар-Шэўц, 2, 1335.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)