Со́йка1 ‘лясная птушка Carrubis glandarius L.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сцяшк., ТС, Пятк. 2), со́я ‘тс’ (Нас., Меер Крыч., Маш., Пятк. 2). Укр., рус. со́я, со́йка, ярасл. со́йга, ст.-рус. соя, польск. soja, sójka, в.-луж. soja, чэш., славац. sojka, серб.-харв. со̑јка, славен. sȏjka ‘від галкі’, балг. со́йка, макед. сојка. Прасл. *soja, *sojьka. Лічыцца роднасным *sьjati (гл. сіяць) і (з чаргаваннем галосных) ц.-слав. присое ‘асветленае месца’; гл. Міклашыч, 313; Брукнер, 506; Фасмер, 3, 731; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 120; Шустар-Шэўц, 1331. Паводле іншай версіі, *soja роднаснае грэч. κισοα, ст.-в.-ням. hëhara, ст.-англ. hrāgra, корань якіх Махэк₂ (566) лічыць няясным; магчыма, гэта гукапераймальныя назвы. Фасмер і Булахоўскі (тамсама) мяркуюць, што птушка ў славянскіх мовах названая па яркім апярэнні, а не па крыку, які перадаецца як rätsch, rää, krää, kää (Брэм.). Гл. яшчэ Сной₁, 591; ЕСУМ, 5, 344; паводле Борыся (567–568), гэта аддзеяслоўны наз. ад прасл. *sьjati ‘сіяць’ < і.-е. *skəi̯‑/*skʼi‑ ‘мігцець; мяняцца’.

Со́йка2 ‘сайка, булка з салодкага цеста’ (Мат. Гом.), ‘прадаўгаватая галушка з талакнянага цеста або з тоўчанай бульбы’ (лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; ЛА, 4). Ведаць, з са́йка (гл.); ‑о‑, магчыма, вынік гіперкарэктнасці. Назва галушкі паводле формы.

Со́йка3 ‘лядзяш, што звісае са страхі’ (віц., Нар. сл.). Няясна. Магчыма, тое ж, што і сойка1, г. зн. што-небудзь ззяючае, бліскучае.

Со́йка4 ‘след ад рога на скуры жывёліны’ (Сцяшк. Сл., ЛА, 1). Рус. сіб. со́йка ‘спіца для чысткі люлькі; малады рог аленя, лося яшчэ без лапат і сучкоў’ выпадковае супадзенне, таму што, паводле Анікіна (500), запазычаны з бурац.соёо(н) < hoëo ‘ікол, іклы’ ці манг. соё(н) ‘тс’. Няясна; магчыма, этымалагічна тое ж, што і сойка1 (гл.), г. зн. ‘тое, што выдзяляецца, блішчыць на скуры’.

Со́йка5 ‘песня валачобнікаў хлопцам у велікодныя дні’ (Скарбы). Відаць, ад слоў песні пра сойку (гл. сойка1), параўн. канапелька ‘песня дзяўчатам, якую спяваюць валачобнікі ў велікодныя дні’, спеваць кота ‘спяваць калыханку’ (ТС) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)